усё мне стала ясна. Я зазірнуў у гэту душу: таемны гнёт душыў яе заўсёды, трывожна блыталася і білася неспрактыкаваная ганарлівасць, але ўся істота яе імкнулася да праўды. Я зразумеў, чаму гэта дзіўная дзяўчынка мяне прыцягвала; не адной толькі поўдзікай пяшчотнасцю, разлітай па ўсяму яе тонкаму целу, прыцягвала яна мяне: яе душа мне падабалася.
Гагін пачаў капацца ў сваіх малюнках; я прапанаваў Асі пагуляць са мной па вінаградніку. Яна адразу згадзілася з вясёлай і амаль пакорлівай гатоўнасцю. Мы спусціліся да паловы гары і прыселі на шырокую пліту.
— І вам не сумна было без нас? — пачала Ася.
— А вам без мяне было сумна? — запытаўся я.
Ася зірнула на мяне збоку.
— Так, — адказвала яна. — Добра ў гарах? — прадаўжала яна адразу-ж: — яны высокія? Вышэй за воблакі? Раскажыце мне, што вы бачылі. Вы расказвалі брату, але я нічога не чула.
— Не трэба было вам выходзіць, — заўважыў я.
— Я выходзіла… таму што… Я цяпер вось не пайду, — дадала яна з даверлівай ласкай у голасе: — вы сёння былі сярдзіты.
— Я?
— Вы.
— Ды чаго, скажыце калі ласка…
— Не ведаю, але вы былі сярдзіты і пайшлі сярдзітым. Мне было вельмі сумна, што вы так пайшлі, і я так рада, што вы вярнуліся.
— І я рады, што вярнуўся, — сказаў я.
Ася павяла плячыма, як гэта часта робяць дзеці, калі ім добра.
— О, я ўмею адгадваць! — прадаўжала яна: — бывала, я па адным татавым кашлі з другога пакоя пазнавала, ці здаволены ён мною ці не.
Да таго дня Ася ні разу не гаварыла мне пра свайго бацьку. Мяне гэта здзівіла.
— Вы любілі свайго тату? — сказаў я, і раптам, к вялікаму майму смутку, адчуў, што чырванею.
Яна нічога не адказвала і пачырванела таксама. Мы абодва змоўклі. Удалечыні па Рэйну плыў і дыміўся параход. Мы пачалі глядзець на яго.
— Што-ж вы не расказваеце? — прашаптала Ася.