— Чаго вы сёння рассмяяліся, як толькі ўбачылі мяне? — запытаўся я.
— Сама не ведаю. Іншы раз мне хочацца плакаць, а я смяюся. Вы не павінны асуджаць мяне… за тое, што я раблю. Ах, дарэчы, што гэта за казка аб Ларэлеі! Ды гэта-ж яе скала відаць? Кажуць, яна раней усіх тапіла, а як пакахала, сама кінулася ў ваду. Мне падабаецца гэта казка. Фрау Луізе мне розныя казкі расказвае. У «Фрау Луізе ёсць чорны кот з жоўтымі вачыма…
Ася падняла галаву і страсянула кудрамі.
— Ах, мне добра, — прагаварыла яна.
У гэты момант даляцелі да нас адрывістыя, аднастайныя гукі. Сотні галасоў разам і з мернымі расстаноўкамі паўтаралі маліцвены напеў: натоўп багамольцаў цягнуўся ўнізе па дарозе з крыжамі і пратэсамі…
— Вось пайсці-б з імі, — сказала Ася, прыслухоўваючыся да паступова слабеўшых галасоў.
— Хіба вы такая набожная?
— Пайсці куды-небудзь далёка, на малітву, на цяжкі геройскі ўчынак, прадаўжала яна. — А то дні ідуць, жыццё пройдзе, а што мы зрабілі?
— Вы ганарлівая, — заўважыў я: — вы хочаце пражыць не дарэмна, след пасля сябе пакінуць…
— А хіба гэта немагчыма?
«Немагчыма», ледзь было не паўтарыў я… Але я зірнуў у яе светлыя вочы і толькі сказаў:
— Паспрабуйце.
— Скажыце, — загаварыла Ася, пасля невялікага маўчання, на працягу якога нейкія цені прабеглі ў яе па твары, які паспеў ужо збялець: — вам вельмі спадабалася тая дама… Вы памятаеце, брат піў за яе здароўе ў руінах, на другі дзень нашага знаёмства?
Я засмяяўся.
— Ваш брат жартаваў; мне ні адна дама не падабалася, прынамсі, цяпер ні адна не падабаецца.
— А што вам падабаецца ў жанчынах? — запыталася Ася, закінуўшы галаву з нявіннай цікаўнасцю.
— Якое дзіўнае пытанне! — усклікнуў я.
Ася крыху збянтэжылася.
— Я не павінна была задаваць вам такое пытанне, праў- да? Прабачце мне, я прывыкла балбатаць усё, што мне ў галаву прыходзіць. Таму вось я і баюся гаварыць.
— Гаварыце, калі ласка, не бойцеся, — падхапіў я: —