прадаўжала Ася з тым-жа задуменным выглядам. — Я іншы раз самой сябе баюся, далібог. Ах, я хацела-б… Ці праўда, што жанчынам не след чытаць многа?
— Многа не трэба, але…
— Скажыце мне, што я павінна чытаць? скажыце, што я павінна рабіць? Я ўсё буду рабіць, што вы мне скажаце, — дадала яна, з нявіннай даверлівасцю звярнуўшыся да мяне.
Я не адразу ёй адказаў.
— Вам-жа не будзе нудна са мною?
— Ды што вы, — пачаў я.
— Ну, дзякуй! — запярэчыла Ася: — а я думала, што вам нудна будзе.
І яе маленькая гарачая ручка моцна сціснула маю.
— Н. ! — ускрыкнуў у гэты момант Гагін: — не цёмны гэты фон?
Я падышоў да яго. Ася ўстала і пайшла.
ХIІ
Яна вярнулася праз гадзіну, спынілася ў дзверах і падазвала мяне рукою.
— Паслухайце, — сказала яна: — калі-б, я памерла, вам было-б шкода мяне?
— Што ў вас за думкі сёння! — усклікнуў я.
— Я ўяўляю, што я хутка памру; мне іншы раз здаецца, што ўсё вакол мяне са мною развітваецца. Памерці лепш, чым так жыць… Ах! не глядзіце так на мяне; я, дапраўды, не прытвараюся. А то я вас зноў баяцца буду.
— Хіба вы мяне баяліся?
— Калі я такая дзіўная, я, дапраўды, не вінавата, — запярэчыла яна. — Бачыце, я ўжо і смяяцца не магу…
Яна засталася сумнай і заклапочанай да самага вечара. Штосьці адбывалася ў ёй, чаго я не разумеў. Яе позірк часта спыняўся на мне; сэрца маё ціха сціскалася пад гэтым загадкавым позіркам. Яна здавалася спакойнай — а мне, гледзячы на яе, усё хацелася сказаць ёй, каб яна не хвалявалася. — Я любаваўся ёю, я знаходзіў чуллівую пяшчотнасць у яе пабляднеўшых рысах, у яе нерашучых запаволеных рухах — а ёй чамусьці здавалася, што ў мяне кепскі настрой.
— Паслухайце, — сказала яна мне незадоўга да развітання: — мяне мучыць думка, што вы мяне лічыце лёгкадумнай… Вы ў далейшым заўсёды верце таму, што я вам