Акім паглядзеў на яе і не зварухнуўся, толькі яшчэ тужэй нацягнуў лейцы.
— Ура! — зноў закрычаў Яфрэм.
— Дык выгнаў ён цябе? — прагаварыў Акім.
— Выгнаў, баценька, саколік мой, — адказала, усхліпваючы, Аўдоцця. — Выгнаў, баценька. Кажа, дом цяпер мой, дык ідзі адсюль вон.
— Важна, вось яно як добра… важна! — заўважыў Яфрэм.
— А ты, знаць, аставацца збіралася? — горка прагаварыў Акім, прадаўжаючы сядзець на возе.
— Дзе там заставацца! Так, мой саколік, — падхапіла Аўдоцця, якая прыўзнялася было на калені і зноў грымнулася на зямлю: — ты-ж не ведаеш, ды я-ж… Забі мяне, Акім Сямёныч, забі мяне тут-жа на месцы…
— Завошта цябе біць, Арэф’еўна, — панура запярэчыў Акім: — сама ты сябе перамагла! Чаго ўжо тут!
— Ды што-ж ты думаеш, Акім Сямёныч… Грошыкі-ж… твае грошыкі… іх-жа няма, тваіх грошыкаў… Я-ж іх, акаянная, з-пад падлогі дастала, усе іх таму злачынцу Навуму аддала, акаянная… І нашто-ж ты мне сказаў, куды ты грошы хаваеш, акаянная я… Ды гэта-ж ён за твае грошыкі і дворык купіў… злодзей гэты…
Плач заглушыў яе голас.
Акім схапіўся абодвума рукамі за галаву.
— Які! — закрычаў ён нарэшце: — дык і грошы ўсе… і грошы, і двор, і ты гэта… А! з-пад падлогі дастала… дастала… Ды я-ж заб’ю цябе, гадзіна падкалодная…
І ён саскочыў з воза.
— Сямёныч, Сямёныч, не бі, не біся, — пралепятаў Яфрэм, у якога ад такога нечаканага здарэння хмель пачынаў праходзіць.
— Не, баценька, забі мяне, баценька, забі мяне, акаянную: бі, не слухай яго! — крычала Аўдоцця, сударгава валяючыся ля акімавых ног.
Ён пастаяў, паглядзеў на яе, адышоў некалькі крокаў і прысеў на траву каля дарогі.
Наступіла невялікае маўчанне. Аўдоцця павярнула галаву ў яго бок.
— Сямёныч, а Сямёныч, — загаварыў Яфрэм, прыўстаўшы на возе: — досыць табе… ды ўжо-ж таго… бядзе не паможаш. Цьфу ты, якая аказія,- прадаўжаў ён, нібы сам сабе: — гэткая баба праклятая… Ідзі да яго, ты, — дадаў ён, нахіліўшыся цераз біла да Аўдоцці: — бачыш, ён з глузду з’ехаў.