Калі Акім, з крыкам, што ён паедзе да пані, — выскачыў на вуліцу, Аўдоцця звярнулася да Навума, паглядзела на яго пільна і пляснула рукамі.
— Божа-ж мой! — пачала яна: — Навум Іваныч, што гэта такое? Вы наш двор купілі?
— А што-ж? — запярэчыў той. — Купіў.
Аўдоцця памаўчала і раптам успалахнулася.
— Дык вам вось на што грошы патрэбны былі!
— Правільна, правільна гаворыце. Эге, ды здаецца ваш мужанёк на маім кані паехаў, — дадаў ён, пачуўшы стук колаў. — Які спрытны!
— Ды гэта-ж грабёж, пасля гэтага, — закрычала Аўдоцця: — гэта-ж нашы грошы, грошы майго мужыка, і двор наш…
— Не, Аўдоцця Арэф’еўна — перапыніў яе Навум: — двор быў не ваш, навошта так гаварыць: двор быў на панскай зямлі, дык і ён панскі; а грошы, правільна, вашы былі; толькі вы былі, можна сказаць, такой добрай і мне іх падаравалі; і я вам вельмі ўдзячан, і нават, пры выпадку, вам іх вярну, калі ўжо такі выпадак здарыцца; а толькі мне галяком заставацца не прыходзіцца, самі пасудзіце.
Навум сказаў усё гэта вельмі спакойна і нават з невялікай усмешкай.
— Баценькі мае! — закрычала Аўдоцця: — ды што-ж гэта такое! Што гэта! Ды як-жа я пасля гэтага мужу на вочы пакажуся! Разбойнік ты, — дадала яна, з нянавісцю гледзячы на малады, свежы твар Навума: — ды я-ж душу сваю: з-за цябе загубіла, ды я-ж з-за цябе зладзейкай стала, ты-ж нас да торбы давёў, злодзей ты гэткі! Ды мне-ж пасля гэтага толькі і засталося, што пятлю на шыю надзець, разбойнік, ашуканец, згубнік ты мой…
І яна горка заплакала…
— Не хвалюйцеся, Аўдоцця Арэф’еўна, — прагаварыў Навум, — а скажу вам адно: свая кашуля бліжэй да цела; між іншым, на тое і шчупак у моры, Аўдоцця Арэф’еўна, каб карась не драмаў.
— Куды-ж мы пойдзем цяпер, куды дзенемся! — з плачам лепятала Аўдоцця.
— А вось гэтага я не магу сказаць.
— Ды я зарэжу цябе, паганец; зарэжу, зарэжу…
— Не, гэтага вы не зробіце, Аўдоцця Арэф’еўна; навошта так казаць, а толькі, я бачу, мне цяпер лепш адсюль пайсці на некаторы час, а то вы ўжо надта хвалюецеся… Прабачце-с, а заўтра абавязкова завернем… А работнікаў сваіх вы ўжо