гэта азначаюць вашы пагрозы, вашы настойлівыя патрабаванні?
Павел Апанасавіч выцер пот з твара.
— Ці даеш ты мне слова? гавары: даеш ці не? — паўтарыў з расстаноўкай Васіль.
— Калі ласка… даю, але…
— Добра. Памятай-жа… Яна ва ўсім прызналася.
— Хто прызналася?
— Ольга Іванаўна.
— Ды ў чым прызналася?
— Ды што вы перада мной прытвараецеся, Павел Апанасавіч? Я-ж вам не чужы, можа.
— У чым я прытвараюся? Я вас не разумею, не разумею, зусім не разумею. У чым магла Ольга Іванаўна прызнацца?
— У чым? Вы мне надаелі! Вядома ў чым…
— Забі мяне бог…
— Не, я цябе заб’ю — калі ты яе замуж не возьмеш… разумееш?
— Як!.. — Павел Апанасавіч усхапіўся і спыніўся перад Васілём. — Ольга Іванаўна, вы кажаце…
— Спрытны, браток, ты, спрытны, трэба сказаць; — Васіль з усмешкай патрапаў яго па плячы: — дарма, што з выгляду спакойны.
— Божа, мой божа!.. Вы мяне з розуму зводзіце… Што вы хочаце сказаць, растлумачце, будзьце ласкавы!
Васіль нагнуўся да яго і шапнуў яму штосьці на вуха.
Рагачоў закрычаў: — Як?.. я?
Васіль тупнуў нагой.
— Ольга Іванаўна? Ольга?
— Так… ваша нявеста…
— Мая нявеста… Васіль Іванавіч… яна… яна… ды я-ж яе і знаць не хачу, — закрычаў Павел Апанасавіч. — Бог з ёю зусім! за каго вы мяне лічыце? Ашукаць мяне — мяне ашукаць… Ольга Іванаўна, не грэх вам, не сорамна вам. (Слёзы пырснулі ў яго з вачэй.) — дзякуй вам, Васіль Іванавіч, дзякуй… А я яе і знаць цяпер не хачу! не хачу! не хачу! і не гаварыце… Ах, бацюхны мае! — вось да чаго, я дажыўся! Добра-ж, добра!
— Годзе вам дзяцініцца, — заўважыў спакойна Васіль Іванавіч. — Памятайце, вы мне далі слова: заўтра вяселле.