— Не, гэтаму не бываць! Што вы, Васіль Іванавіч, зноў-такі скажу вам — за каго вы мяне лічыце? многа гонару: шчыра дзякуем. Прабачце.
— Як хочаце! — запярэчыў Васіль. — Даставайце шпагу.
— Як шпагу… навошта шпагу?
— Навошта? А вось на што.
Васіль выняў сваю французскую тонкую, гнуткую шпагу і крыху сагнуў яе аб падлогу.
— Вы хочаце… са мной… біцца?
— Іменна.
— Але, Васіль Іванавіч, будзьце ласкавы, зразумейце маё становішча! Як-жа я магу, падумайце самі, пасля таго, што вы мне сказалі… Я сумленны чалавек, Васіль Іванавіч, я дваранін.
— Вы дваранін, вы сумленны чалавек, — дык будзьце ласкавы са мною біцца.
— Васіль Іванавіч!
— Вы, здаецца, палохаецеся, пан Рагачоў?
— Я зусім не палохаюся, Васіль Іванавіч. Вы думалі запалохаць мяне, Васіль Іванавіч. Вось, моў, я яго напужаю, ён і струсіць, на ўсё адразу-ж і згодзіцца… Не, Васіль Іванавіч, я такі-ж дваранін, як і вы, хоць сталічнага выхавання і не атрымаў, сапраўды, і запалохаць вам мяне не ўдасца, прабачце.
— Вельмі добра, — запярэчыў Васіль: — дзе-ж ваша шпага?
— Ярошка! — закрычаў Павел Апанасавіч.
Увайшоў чалавек.
— Дастань мне шпагу — там — ты ведаеш, на гары…хутчэй… — Ярошка вышаў. Павел Апанасавіч раптам надзвычай пабялеў, спяшаючыся зняў шлафрок, надзеў кафтан рыжага колеру з стразавымі вялікімі гузікамі… наматаў на шыю гальштук… Васіль глядзеў на яго і перабіраў пальцамі правай рукі.
— Дык што-ж? біцца нам, Павел Апанасавіч?
— Біцца, дык біцца, — запярэчыў Рагачоў і паспешна зашпіліў камзол.
— Гэй, Павел Апанасавіч, паслухай маёй парады: жаніся… што табе… А я, павер мне…