Васіль Іванавіч шпаркімі крокамі падышоў да расчыненага акна, дастаў невялікі срэбраны свісток — сціху свіснуў… Бурс’е адазваўся непадалёку. Лучынаў адразу-ж звярнуўся да Паўла Апанасавіча.
— Чым-жа гэта камедыя скончыцца?
— Васіль Іванавіч, я прыеду да вас заўтра — што мне рабіць з гэтай звар’яцелай бабай…
— Э! ды бачу я, з вамі няма чаго доўга гаварыць, — сказаў Васіль і падняў хутка трасціну…
Павел Апанасавіч рвануўся, адштурхнуў Яфімаўну, схапіў шпагу і кінуўся праз другія дзверы ў сад.
Васіль рынуўся ўслед за ім. Яны ўбеглі абодва ў драўляную альтанку, хітра размаляваную на кітайскі манер, замкнуліся і выхапілі шпагі. Рагачоў калісьці навучаўся фехтаванню; але цяпер ледзь здолеў зрабіць выпад як належыць. Шпагі перакрыжаваліся. Васіль відавочна гуляў шпагай Рагачова. Павел Апанасавіч задыхаўся, бялеў і спалохана глядзеў у твар Лучынаву. Між тым у садзе чуліся крыкі; натоўп народа бег да альтанкі. Раптам Рагачоў пачуў прарэзлівы старэчы лямант… ён пазнаў голас бацькі. Апанас Лукіч, без шапкі, з раскудлачанымі валасамі, бег наперадзе ўсіх, у роспачы махаючы рукамі…
Моцным і нечаканым паваротам клінка выбіў Васіль шпагу з рукі Паўла Апанасавіча.
— Жаніся, браток, — сказаў ён яму: — досыць табе дурня строіць!
— Не жанюся, — прашаптаў Рагачоў, заплюшчыў вочы і ўвесь затросся.
Апанас Лукіч пачаў стукаць у дзверы альтанкі.
— Не хочаш? — закрычаў Васіль.
Рагачоў паківаў адмоўна галавой.
— Ну, дык чорт-жа цябе бяры!
Небарака Павел Апанасавіч паваліўся мёртвы: шпага Лучынава ўваткнулася яму ў сэрца… дзверы затрашчэлі, стары Рагачоў уварваўся ў альтанку, але Васіль паспеў ужо выскачыць праз акно…
Праз дзве гадзіны ўвайшоў ён у пакой Ольгі Іванаўны… Ява з жахлівасцю кінулася яму насустрач… Ён моўчкі пакланіўся ёй, выняў шпагу і пракалоў на месцы сэрца… партрэт Паўла Апанасавіча. Ольга закрычала і ў непрытом-