Старонка:Выбраныя творы праблемы культуры, літаратуры і мастацтва.pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная


беларускія газэты, журналы, кніжкі, гэтыя маладыя сілы пачалі шыбка разьвівацца, даўшы рад выдатных імён.

Цяпер, калі сьвядомая беларуская маладзёж пралівае сваю кроў, прыняволеная біцца ў радах расейскай арміі за чужую для яе справу, — гэткіх пяўцоў-песьняроў думкі народнай трудна напаткаць. Але мінуты, каторыя перажывае наш народ, лішне важныя для яго, лішне яркія, каб беларус мог прынімаць іх моўчкі. І ён адзываецца — мо не зусім складна, але шчыра, горача выказываючы сваю душу. Выступаюць новыя паэты з народу — нават тут, у Вільні, на мястовым бруку.

Беларусь ты мая,
Даражэнька зямля!
У агонь, у ваду
За цябе я пайду.
Беларусь, за цябе
І за волю табе
Лепей жыцьце аддам,
А цябе не прадам!
Ці ў вастрог я пайду,
Ці загіну ў баю, —
За свабоду тваю
За усё пацярплю...

Гэтак піша малады хлапец-беларус, і відаць, што словы гэтыя — шчырыя, што рвуцца з душы і сэрца.

І гэткі верш — не адзін: іх штораз болей. Яркія абразы, якія паказвае нам будучына, вызываюць гарачы отклік у нашай маладзёжы, і ў сваіх песьнях — часта прымітыўных і наіўных — яна дае знак, што для свайго народу папраўдзе гатова на ўсе ахвяры, абы толькі міраж стаўся рэальнасьцю.

БЕЛАРУСКІ ТЭАТАР

Нацыянальны тэатар — гэта адна з найбольш красачных праяў духа народу. І гэтым тлумачыцца тое, што тэатар занімае надта выдатнае месца ў народаў, каторыя толькі цяпер будзяцца да самабытнага культурна-нацыянальнага жыцьця. Чэхі, украінцы, літвіны, латышы, эсты — усе яны многа сіл і працы аддалі дзеля стварэньня свайго тэатру, і іншыя зь іх, асабліва чэхі і ўкраінцы, на гэтай дарозе пайшлі вельмі далёка ўпярод.

Такое ж месца павінен заняць і беларускі тэатар у руху нашага народу да ўсестароннага адраджэньня. І хоць беларусы тут стаўляюць толькі першыя крокі, аднак і зь іх відаць, што грунт пад сабой наш тэатар мае добры.

Тэатральныя прадстаўленьні ў беларусаў вядомы з даўных часоў: да нас дайшлі памятнікі беларускай камэдыі з XVІІ і XVІІІ сталецьцяў. У Гродні, Мінску, Полацку і іншых мястох Беларусі ў езуіцкіх школах, а таксама ў праваслаўных і ўніяцкіх духоўных школах пад той час разыгрывалі беларускія інтэрмэдыі, або інтэрлюдыі, у каторых на сцэне выступалі «людзі простыя» і пацешнымі дыялёгамі-гутаркамі забаўлялі публіку. У адрыўках інтэрмэдый і цэлых беларускіх камэдый, каторыя апублікаваны Марозавым, Брукнэрам, Ператцам1, Сычэўскай і інш., ёсьць многа забаўных сцэн з народага быту, а нават і зь біблейнай гісторыі (грэх Адама і Евы і інш.).