це 1562 году сказана, што па сьмерці Полацкага архібіскупа Грыгора Валовіча полацкія баяры, шляхта, мешчане і ўсё паспольства Полацкае выбралі на яго мейсцо інака Арсенія Шышку. Аб гэтакіх жа выбарах гаворыцца ў грамаце 1576 году.
Ад часоў Вітаўта, або злучэньня Беларуска-Літоўскай дзержавы з Польшчай пры Ягайле, грамадзянскае палажэньне полацкага біскупа пайшло на ўшчэрб. У ранейшыя часы Полацкі біскуп быў адзіным і галоўным прэдстаўніком хрысьціянскай цэрквы ў Полацкай зямлі; ад часоў Вітаўта гэтае галоўнае прэдстаўніцтва хрысьціянскай цэрквы было перанесена на Віленскага каталіцкага біскупа, а галоўнае прэдстаўніцтва праваслаўнай цэрквы на Кіеўскага Мітрапаліта, Полацкі ж біскуп перасунуты на другі план, разам з іншымі біскупамі, каторых эпархіі ўвайшлі ў склад В. Кн. Літоўска-Беларускага. Нават Віленскія праваслаўныя цэрквы былі падпарадкаваны безпасярэдна Кіеўскаму, а ня Полацкаму біскупу. Ні Вітаўт, ні яго наступнікі, Вял. Кн. Літоўска-Беларускія, ужо не называюць Полацкага біскупа сваім айцом; ён у іх схізматык, а нават паганін, бо толькі ў ХVI сталецьці Рым выясьніў, што хрышчэньне па ўсходнаму абраду важнае і што рускія праваслаўныя не пагане.
Усё, што адолелі абараніць Полацкія, нараўне з другімі праваслаўнымі біскупамі, заключалося ў іх кананічных правох; правы ж палітычныя Полацкага біскупа былі даканчальна зьніштожаны. Па так званаму Яраслававаму зьвітку, уложанаму беларускімі праваслаўнымі біскупамі і зацьверджэнаму вялікім князям Вітаўтам і яго наступнікамі, за Полацкім біскупам, роўна як і за другімі беларускімі біскупамі, пакінута было: 1) каб біскупская ўлада была не парушна і цэла над усімі прасьвітарамі, знаходзячыміся ў межах біскупскай эпархіі і каб ніхто з сьвецкіх людзей, ні князі, ні баяры, не ўступаліся ў біскупскі суд над прасьвітарамі, пад пагрозай штрафу ў 1000 рублёў грошаў шырокіх на саборную цэркву або біскупскую катэдру і пад пагрозай пазбаўленьня правоў на царкоўнае кцітарства. 2) Ніхто з сьвецкіх не павінен уступацца ў біскупскі суд