Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

із земель княжства для навукі ў пісьме, цьвічэньня ўчынкоў рыцарскіх і лепшага шчасьця сваего і то ж будучы неспособнаго здароўя своего для лекарства». Ведама, заграніцу маглі ехаць толькі багатыя людзі, але ў канцы XVI ст. былі паездкі і дробнай шляхэцкай дэмокрацыі. Загранічныя паездкі зьменялі зьнешні ўклад жыцьця якога-небудзь дастойнага пана і ў той жа час давалі яму вядомы запас умысловых уражэньнёў, якія не маглі бязсьледна прамінуць для яго ўмысловай сьвядомасьці і разьвіцьця, спрыялі пашырэньню ўмысловага кругазору. Новая культура торкнулася зямельнай арыстакрацыі і шляхэцкай дэмокрацыі, а часьцю і местовага грамадзянства. Селянская маса была паняволена і працавала на паноў. Калі праца на пана, даваўшая спосабы да жыцьця землеўласьніку, была эканамічным фундамантам індывідуалізацыі шляхэцкага грамадзянства, то сельска-гаспадарскі пад’ём XVI ст., звязываўшый Беларусь з Эўропай, быў крыніцай індывідуалізацыі местовага грамадзянства. З гэтай стараны італьянскае і беларускае адраджэньне аднаго паходжэньня. Затое паміж імі істнуе аграмадная розьніца ў тэмпе і характары самага культурнага руху.

СЕЛЯНЕ, АБО ЦЯГЛЫЯ ЛЮДЗІ

Гісторыя селян цесна зьвязана з гісторыяй шляхты; у меру таго як апошняя ўзвышалася, набывала ўсё новыя і новыя правы, селяне трацілі іх і скачываліся ўніз. Селяне, жыўшыя ў гаспадарскіх, панскіх, шляхоцкіх і духоўных маетнасьцях, першапачаткова, як і асобы другіх станаў, карысталіся грамадзянскімі і маёмнымі правамі, яны плацілі дзержаўныя падаткі са сваіх зямель, маўшых розныя найменьня: земля — у Полаччыне, Вітэбшчыне, Віленшчыне, Горадзеншчыне; дворышчэ — на Палесьсі. Яны мелі права вольна пераходзіць ад аднаго землеўласьніка да другога. Селяне разам з мешчанамі і дробнай шляхтай прыймалі ўчасьце ў народным або так званым копным судзе. Копная кругаколіца, складаючаяся з некалькіх вёсак, складала капу і