Даходы старастаў былі неаднальковыя ў розных мейсцох, бо кождая земля мела іншыя прывілеі і абмежаньня і праз гэта самае свае асобныя правы. Горадзенскі стараста карыстаўся даходамі як з Горадні так і з усіх гаспадаравых двароў, якія прыналежалі да Горадзенскай кругаколіцы. З граматы 1558 году старасьце Мсьціслаўскаму відаць, што старасьце прыналежаў увесь прэсны мёд, зьбіраны ў павеце. Па ўстаўнай грамаце магілеўскім мешчанам, старасьце плацілася пісчага пры аплаце зямельных падаткоў: з валокі па 12 пенязёў, ад варот па 2 пенязі, ад палевой і сенажатнай зямлі па 3 моргі па пенязю. Акром гэтага, стараста ўсюды атрымліваў ўстаноўленую плату ад прыпіскі прыезджых з другіх мест купцоў або гасьцей, якая называлася «абестнай» і адзін раз у год меў права таргаваць безаплатна сычэным мёдам. Яму ж ішла трэцяя часьць усіх штрафаў, ад жанідзеб выводная куніца па дзевяць грошэй, ад войтаўскага суда аб межах і спаша па чатыры грошы ад каждай справы і ўрэшце тарговая плата з прыезджых купцоў з меры і з бочкі па чатыры пенязі.
Урад старасты часта прыдаваўся да другіх вышэйшых урадаў, напр.: да гэтманства, канцлерства, воеводзтва і іншаму дастойніку давалося па неколькі стараствоў; гэтак воевода падметска, маршалак земскі пан Якуш Касьцевіч быў у адзін і той жа час старастам Пераломскім, Радунскім і Ожскім. Стараствы, як і другія ўрады, раз дадзеныя каму небудзь, ужо не маглі быць атобраны іначэй як па суду ў здарэньні якіх колечы злоўжываньнеў, або калі б стар[а]ста сваёй неруплівасьцю прычыняў страты гаспадарскаму скарбу.