ры ды ўзалежняў іх ад Турава-Пінскай архіепіскопіі. З гэтай яго чыннасьці можна дадумацца, што ён, з аднаго боку, не хацеў, каб спадак, па яго сьмерці, на караля быў лішне вялікі, а, з другога боку, хацеў, каб Турава-Пінская епархія была прэдстаўніцай духоўных інтэрэсаў беларускага народу ў Рэчы Паспалітай. Па сьмерці князя Фёдара Пінска-Тураўскае княжства перайшло да караля Зыгмунта, каторы аддаў яго каралеве Боне. У 1793 гаду, пасьля разьдзелу Польшчы, Турава-Пінскае княжства адыйшло пад Расею, і землі, станавіўшыя яго, увайшлі ў склад двох паветаў: Пінскага і Мозырскага з трыма паветовымі гарадамі: Пінскам, Мозырам і Давідгарадком.
УЛАДА ЗЕМЛЕЎЛАСЬНІКАЎ
Улада над народам з найдаўнейшых часоў была дваякая: княжая і земская. Улада земскай арыстакрацыі, землеўласьнікаў, злажыўшаяся гістарычна і незалежна ад гаспадарскага ўраду, была ўладай цяжкай, уладай самавольнай, немаль безкантрольнай, немаль не падлегаўшая ўраду, і тым ня меней прызнаная правам, улада паняволіваючая ня толькі просты народ, але і дробную небагатую шляхту. У стасунку ж да людзей, жывучых на землях вялікіх паноў, дастойнікаў, да якога бы стану не прыналежалі гэтыя людзі, па праву суд і ўправа былі ўласнасьцю землеўласьнікаў; так што мейсцовыя гаспадаравы ўраднікі, воеводы, старасты, дзержаўцы ў справах паміж панскімі людзьмі і гаспадаравымі павінны былі адсылаць гэткія справы да паноў землеўласьнікаў, якія праз сваіх ужо ўраднікаў чынілі суд па гэткіх справах, накладалі штрафы і другія кары на вінаватых і на дабітак штрафы бралі ў сваю карысьць, а не ў гаспадарскі скарб. У 10 артыкуле VI разьдзелу статута 1529 г. прост сказана: «калі бы каму якая крыўда была ад слуг, або ад людзей княжых, або панскіх, то ні мы гаспадар, ні воеводы нашы на гэткіх людзей не маем права насылаць дзецкіх, а наперад павінны паслаць да того пана, чые тыя людзі, каб ён учыніў над імі