і зьверх таго пасадзіць яго пад стражу на шэсьць тыднеў у гродзе або паветовым урадзе». Акром вышэй пералічаных абавязкаў вознага, на яго ж павіннасьці было па 29 артыкулу праводзіць крэдытораў да тых знатных землеўласьнікаў, слугі каторых прычынілі істцам якую крыўду, і вымагаць ад землеўласьнікаў суда пад сваімі слугамі, быць прысутным на такім судзе. Па 67 артыкулу возны пасылаўся ўрадам дзеля спагнаньня грошы, калі б уласьнік маетнасьці чаго ў тэрмін ня выплаціў па судовай пастанове. Па 68 артыкулу пасылаўся судом дзеля заарэштаваньня маёмасьці, з якой прысуджана судом спагнаць вядомую суму грошы. Прычым возны цэніць: 20 коп. службу людзей або ўвалоку аселую, дзесяць коп. паўслужбы або паўвалокі, капу грошэй морг унавожэны. Па 67 артыкулу ўрад або суд пасылаў вознага з загадам, каб выгнаны гвалтам гаспадар з маетнасьці, перадаў маетнасьць выгнанаму гаспадару ў часовае ўладаньне да выясьненьня па суду. Па 4-му артыкулу возны павінен па загаду ўраду быць пры прыняцьці маёмасьці ў апеку, і рэестр маемасьці, зроблены апекунамі, зацьвердзіць сваёй печацьцю. Па 15-му артыкулу возны павінен быць пры спісываньні маёмасьці апысыванага шляхціца. Па 6-му артыкулу возны, дадзеный ад ураду, павінен быць на судзе капы або селянскай грамады, калі якая вёска атаб’е капу на зладзейскім сьляду і капа будзе вымагаць ад ураду прысылкі вознага. Возны, прыбыўшы на мейсцо разам з капой, павінен ацаніць страты, прычыняныя пакражай, на якія пакрыўджаны прысягне сам трэцьці; і разам з капой павінен аб гэтым данясьці ўраду, ад якога быў пасланы.
Пры параўнаньні правоў і абавязкаў вознага, вылажаных у статуце 1566 году з правамі і абавязкамі віжа і дзецкага, аказываецца, што возны зьмешчаў у сябе папярэдніх віжа і дзецкага. Але станы, заўсёды вымагаўшыя на соймах, каб віжы былі выбарнымі ад грамадзянства, з устаноўленьнем вознага не дасьціглі сваіх пажаданьнеў; бо возны ня быў выбарным, а назначаўся з мейсцовай шляхты воеводамі, старастамі і другімі дзяржаўцамі такім самым парадкам, як і папярэднія віжы.