выдзерэць пчолы, то заплаціць поўкапы, а пану гэтману віны поўкапы грошэй. Такжа калі ў корчміта мёд крадзены знойдуць, таго корчміта выслаць з войска, а пан гэтман пакарае віной (штрафам) па заслузе. А хто бы пайшоў ад войска дамоў і яго на тым зловяць, таго на шыбеніцу. Прыказуем, каб гэтману нашаму былі ва ўсім паслушны, бо мы вялелі яму паслушных чтіць, а непаслушных караць, ня менш як мы пан гаспадар, па яго заслузе».
Дворны гэтман як галоўны начальнік войск, знаходзячыхся на пэнсыі ў гаспадара, у стасунку да гэтых войск меў тую ж уладу і тыя ж правы, як вялікі гэтман у стасунку да войск Вялікага Княжства Беларуска-Літоўскага. Гэтак у грамаце дворнаму гэтману Крыштапу Радзівілу 1577 году сказана: «прыказуем табе, каб твая міласьць у належнасьці ўраду тваяго дворнага гэтманства да тое службы і патрэбы нашай гаспадарскай земскай, люд служэбны, рыцарства, па пенезі скарбу нашага прыймаў і спасобіў, і зьвёў усяго почту людзей служэбных, 1.500 коней ездных па гусарску і па казацку, так як тваей міласьці відзець будзецца, і пад тым парадкам, як есьмо табе дастойную навуку далі». Дворны гэтман у часе вайны падлегаў галоўнаму гэтману. Гэтманы паасобных корпусаў мелі тую ж уладу і тыя ж правы над даручаным ім войскам і над краем, дзе ім прыходзілася выступаць, як і вялікі гэтман. Гэткіх гэтманоў магло быць па некулькі, нават у адным мейсцы, але яны падлегалі галоўнаму гэтману, як толькі той уступаў у даную мейсцовасьць, дзе былі корпусы паасобных гэтманоў.
Польны гэтман па свайму значэньню быў ніжэй усіх папярэдніх гэтманоў. Пры праўдзівых гэтманах ён паступаў пад іх начальства і перадаваў ім свае поўнамочча. Пры праўдзівым гэтмане польны гэтман быў яго заступнікам. Калі праўдзівы гэтман быў забіты, або крэпка ранены, або пападаўся ў няволю, то польны гэтман прыймаў яго каманду і на час уступаў у яго правы і абавязкі.