статуту сказана: «у кождым здарэньні мы нічым не уменьшаем папярэдніх урадаў воеводзтва Віленскага, воеводзтва Троцкага і іншых воеводзтваў і каштэлянаў і канцлерства і маршалства земскага і дворнага і старастваў». Хоць гэтая зьменка паказывае, што каштэляны былі вядомы і раней, але па ўсей праўдападобнасьці іх устанаўленьне ня многім папярэдзіло статут, бо ў ранейшых памятніках яны нідзе не ўпамінаюцца.
Каштэлян уласьціва быў камандант крэпасьці-гроду, або замку, безпасярэдны начальнік гарнізону, яму і павінны былі перэдаваць земскае войска харужыя.
Каштэляны былі толькі ў тых землях, якія спраўляліся воеводамі, напрыклад: ў Полацкай, Вітэбскай, Смаленскай, Новаградзкай, Падляскай, Берасьцейскай, Менскай, Мсьціслаўскай каштэляны былі памочнікамі воевод і ў іх нябытнасьць заступалі іх мейсцо. У службовай ерархі лічыліся вышэй стараст. Першым абавязкам каштэлянаў было глядзець за цэласьцю замкаў, быўшых у яго веданьні. Пасьля, як вайсковы начальнік, заведываў вайсковымі людзьмі, пераважна служылымі, але такжа на яго абавязку лежало зьбіраць ў паход шляхту і перэдаваць воеводзе. Да каштэляна Павла Сапегі ў 1567 гаду гаспадар піша: «назначаем зборнае мейсцэ ў Маладэчне, асобай сваёй конна і збройна з почтам сваім ездным і пешым, не адступаючы ад соймавай пастановы на азначаны тэрмін паспешаў да войска ў назначэнае зборнае место». Гэткім чынам за каштэлянам аставалося даводзтва сваім вайсковым аддзелам ня толькі на зборнае мейсцо, але і далей у часе вайны.
Але акром вайсковых спраў на павіннасьці каштэляна лежалі справы судовыя, іх зямельных справах. Каштэлян, падобна маршалку, быў высшым судзьдзёй, калі судзячыяся былі нездаволены падкаморскім судом. Аб каштэлянскіх даходах па дакумэнтах нічога няведама; здаецца, каштэляны атрымлівалі аплату з другіх урадаў, якія дадаваліся да каштэлянства.