ад паспольства — і аддаць ім скрыню са скарбам пад чатырмя ключамі, пад баярскім, пад местскім, пад дваранскім і пад паспольскім. А каб баяры, мешчане і дваране местскія і ўсе паспольства ў згодзе межы сабою былі, а справы бы местскія ўсе пасполу справавалі па даўнаму абычаю». Ды гэта і не магло быць інакш. Полацак заўсёды быў адным з найбольшых тарговых мест у Беларусі, гэткім тарговым цэнтрам ён не перастаў быць і тады, калі Вялікакняжая сталіца была перанесена ў Вільню. Вольнай таргоўляй у Полацку даражылі і рыжскія немцы, як гэта сьведчаць многія дайшоўшыя да нас тарговыя ўмовы Рыгі з Полацкам. Сюды, у Полацак, схадзіліся тавары з Ноўгарада, Пскова, Смаленска, Кіева і Масквы, як гэта відаць з тых жа Рыжска-Полацкіх умоў, не кажучы ўжо аб таварах з Беларусі, для якіх Полацак быў галоўным рынкам. Пры гэткім значэньні Полацка ня можэ быць і мовы аб тым, каб стан купецкі ў Полацкай зямлі ня быў самы сільны і ўплывовы, пасьля стану баярскага.
Прыведзеная вышэй грамата В[ялікага] Кн[язя] Казіміра сьведчыць, што ў Полацку прыймалі ўдзел у грамадзянскім жыцьці побач з другімі станамі і купцы; гэта самае пацьверджаюць і ўсе ўгоды Полацка з Рыгай. Гэтак грамата 1465 г. была пісана ад купцоў і чорных людзей «от мешчан Полоцкіх і от всего поспольства полацкаго суседом нашым пану бурмістру і райцам места Рыжскаго». У грамаце 1475 г. напісана: «суседам нашым пану войту і радцам і мешчанам і всему поспольству Рыжскаго места, наша пріязнь на все часы от бояр Полацкіх і от мешчан і от всего поспольства Полацкаго». Гэта сьведчыць, што купцы ў Полацку складалі асобны стан грамадзянства, мелі сваю становую арганізацыю і сваіх выбарных прэдстаўнікоў. Да нас не дайшлі вядомасьці аб арганізацыі купецтва ў Полацку, але нестачу вядомасьцей папаўняе купецкі лад у Смаленску, каторы быў такі ж самы, як і ў Полацку. Са смаленскіх адносін мы ведаем, што купцы там дзяліліся на «істых», або правых купцоў, укупіўшыхся ў тую ці іншую купецкую грамаду, і «неправых» купцоў, г. зн., не ўкупіўшыхся ў купецкую грамаду. Купцы дзяліліся на грамады, сябрыны, кождая сябрына са сваім складковым