Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/20

Гэта старонка была вычытаная

——— 57 ———

паўвостраў і суседнія астравы. Калісь Лямбардзкая нізіна была затокай Адрыятычнага мора і толькі пасьля ледавіковага часу пачала ператварацца ў сухазем'е. Перш за ўсё зрабіліся сухазем'ем тыя часткі нізіны, што ляжаць каля самых Альп. Туды яшчэ ў ледавіковую эпоху альпійскі лёд наваліў шмат морэн, з якіх цяпер складаюцца альпійскія прыгор'і. З-пад гэтых морэн цяпер выцякаюць многалічныя крыніцы (фонтанілі), якімі тамтэйшыя насельнікі карыстаюцца ў мэтах штучнага абвадненьня палёў. (Успомні, як ледавікі пераносяць і адкладаюць морэны). Калі расталі ледавікі ў Альпах ды Апэнінах, дык з гэтых гор у морскую затоку, што была на месцы сучаснай Лямбардзкай нізіны, пацяклі многалічныя рэчкі, якія несьлі шмат глею, пяску ды іншых выпятрэлых адломкаў скал, вымытых у вышнявіне гэтых рэчак у горах. Пясок і глей, прынесеныя рэчкамі, асаджваліся на дне затокі й пакрысе зусім завалілі яе, перавярнуўшы ў сухазем'е, у нізіну. Ператварэньне мора ў сухазем'е ня скончылася й да сяго часу. Рэкі, што цякуць па Лямбардзкай нізіне ды ўліваюцца ў Адрыятычнае мора, і цяпер нясуць шмат глею ды пяску. Паўзьбярэжнае хваляваньне не дае аднак гэтаму глею й пяску асесьці на дне мора, кідае іх адваротна на бераг, утварае з іх каля берагу гакі (лідо), вузкія, даўгія паўвостравы. Спачатку між берагам і гэтымі гакамі застаюцца затокі-лягуны, злучаныя з морам вузкімі пратокамі. Пакрысе й гэтыя пратокі завальваюцца пяском, лягуны зусім аддзяляюцца ад мора, робяцца паўзморскімі вазёрамі. З часам гэтыя вазёры засыпаюцца новымі адкладамі рэк, усыхаюць і ператвараюцца спачатку ў балотныя, а потым у сухія ўраджайныя кавалкі зямлі. Такім спосабам што-год каля 70 дзесяцін мора пераварачваецца на сухазем’е, а калі гэтае зьявішча будзе трываць гэтак сама й далей, дык цераз паўтары тысячы год уся Вэнэцыйская затока Адрыятычнага мора мусіць зрабіцца часткай Лямбардзкай нізіны.

У працягу гістарычнага часу шмат якія гарады, што пабудаваліся калісь каля самага берагу мора, апынуліся, дзякуючы паступоваму павялічэньню нізіны, у некалькіх вёрстах на захад ад мора. Такім чынам даўнейшыя морскія прыстані (Адрыя, Равэна і іншыя) апынуліся далёка ад морскай дарогі і страцілі сваё даўнейшае гандлёвае значэньне.

Дзякуючы роўнасьці Лямбардзкай нізіны, рэкі яе цякуць паволі, ціхамірна, так што пясок і глей асядаюць на дне іх і праз увесь час павышаюць дно. З гэтай прычыны рэкі часта выходзяць з берагоў, заліваюць ваколіцы і мяняюць рэчышчы. Каб стрымаць небясьпечныя разводзьдзі рэк, італійцы абгараджваюць іх грэблямі, так што месцам рэкі цякуць у штучным рэчышчы вышэй суседніх ніў і гародаў. У штучным паднятым рэчышчы цячэ й галоўная рака Лямбардзкай нізіны дый наагул усёй Італіі — По. Каштоўныя грэблі абапал берагоў По будуюцца й падтрымоўваюцца ў парадку пад кіраўніцтвам інжынэраў. По заўсёды мае шмат вады, бо жывіцца вечнымі сьнягамі ды ледавікамі Альп. Асабліва многа вады,