9) Багародзіца з младзенцам і анёламі з віленскай „Малой Падарожнай кніжыцы“. Памер: 41×64 mm. Зьмешчана на загалоўным аркушы акафіста „Імени Ісуса“, разам з надпісам: „Починаєтьсіа акафістъ пресладкому імени гсда нашего icа хста глаголемы повсіа дни“. Багародзіца з младзенцам на каленах; па бакох яе два анёлы. Па композыцыі задумана надзвычайна добра, але гравіравана досыць груба і прымітыўна, як і наагул усе віленскія гравюры Скарыны, што сваячасна было заўважана Стасавым[1].
Па-за межамі пералічаных намі груп застаюцца 12 гравюр — адна сюжэтная, і 11 рысункаў ілюстрацыйна-тлумачальнага характару, якія мы павінны разглядаць асобна.
Сюжэтная гравюра — гэта так званая „Тройца“, зьмешчаная на адвароце загалоўнага аркушу праскае „Бібліі“ (памер: 104×158 mm.), якая значна слабей за ўсе іншыя скарынавы гравюры і надзвычайна рэзка адрозьніваецца ад іх па манеры і стылі, што сваячасна ўжо было заўважана папярэднімі дасьледчыкамі. Так, напр., Стасаў адзначае, што „гравюра гэтая па крайняй недасканаласьці выкананьня зьяўляецца антыподам усіх іншых, і зроблена рукой настолькі неспрактыкаванай, што тут можна дапусьціць або вытвор самога Скарыны, або якога-колечы з ліку яго сяброў: у іншым выпадку цяжка вытлумачыць зьмяшчэньне настолькі благой, можна сказаць, нават, — недазволена брыдкай гравюры сярод іншых добрых або выдатных гравюр“[2]. Аналёгічную ўвагу робіць таксама і Равінскі, які заўважвае, што гэтая гравюра „па дрэнным выкананьні зьяўляецца выняткам з усіх іншых“[3]. І запраўды, у тэхнічным сэнсе гравюра гэтая зроблена да апошняе ступені беспарадна і нявыразна; заблытанасьць ліній і выпадковасьць роўнае, монотоннае штрыхоўкі пазбаўляюць яе ўсякай плястычнасьці і колёрытнасьці, робяць уражаньне працы чалавека, які ўпяршыню трымаў разец у руках. З композыцыйнага боку, аднак, самы рысунак значна лепшы: у верхняй частцы „тройца“ ў выглядзе мужчынскай фігуры з трыма тварамі, на троне, абкружаная анёламі, унізе — барацьба анёлаў з д‘ябламі, прычым ніжняя група добра злучана з верхняй разьвінутымі крыламі сярэдняга анёла. — Наконт пахаджэньня гэтае гравюры цяжка дадаць што-небудзь новае да думкі Стасава, — але прыходзіцца прызнаць, што дапушчэньне яго мае вядомыя падставы, і можа быць, у даным выпадку мы запраўды маем справу з першай і адзінай спробай самога Скарыны ў галіне гравіравальнага мастацтва.
У іконаграфічным сэнсе вельмі цікавым зьяўляецца самы тып „тройцы“ ў выглядзе мужчынскае постаці а трох тварах, які мае выразна заходняе пахаджэньне і быў, пэўна, узяты Скарынай з якіх-небудзь італьлянскіх мініатур, пашырыўшыся потым пад уплывам выданьня Скарыны ў вясковым царкоўным малярстве на Украіне і Беларусі (Пар. „Sprawozdania komisji do badania historyi sztuki w Polsce“ выд. Кракаўскай Акадэміі Навук, т. I, стар. 43 і т. V, сшыт. IV, стар. 79).
Тлумачальныя рысункі з вобразамі паасобных частак саламонава храма і скініі прадстаўляюць сабой дзьве зусім самастойныя групы гравюр, зьмешчаныя ў 3-й кнізе „Царстваў“ 1518 г. і ў кнізе „Ісход“ 1519 г. З усіх гравюр, што знаходзяцца ў выданьнях Скарыны, рысункі гэтыя найменш орыгінальныя, што лёгка тлумачыцца спэцыяльнымі, чыста практычнымі, навучальнымі мэтамі зьмяшчэньня іх у скарына-