Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/109

Старонка праверана

Пан Мадлен вярнуўся зноў да сваіх спраў і спакойна пачаў чытаць і перагортваць іх. Потым сказаў Жаверу:

— Ну, даволі, Жавер. Па сутнасці, гэтыя падрабязнасці мяне мала цікавяць. Мы трацім час, між тым абодвы павінны спяшацца. Тут вось ёсць некалькі спраў, якія я хацеў-бы вам даручыць, але вы, здаецца, сказалі, што павінны ехаць у Арас для гэтай справы, якая пачнецца дзён праз сём ці восем?

— О, шмат раней, пан мэр.

— Калі-ж?

— Я-ж, здаецца, меў гонар дакладваць вам, што справа слухаецца заўтра, і я павінен выехаць сёння ноччу.

Пан Мадлен непрыкметна здрыгануўся.

— А колькі часу гэта працягнецца?

— Думаю, не больш аднаго дня. Прыгавор будзе вынесен самае позняе заўтра ноччу. Але я не буду яго чакаць. Як толькі скончу свае паказанні, адразу-ж назад.

— Гэта добра, — сказаў Мадлен.

І рухам рукі ён адпусціў Жавера. Але Жавер не ішоў.

— Выбачайце, пан мэр, — сказаў ён.

— Што яшчэ? — запытаў Мадлен.

— Мне астаецца яшчэ напомніць вам пра тое-сёе.

— Пра што гэта?

— Пра тое, што я павінен быць пакараны.

Пан Мадлен падняўся з свайго месца.

— Жавер, — сказаў ён, — вы — чалавек гонару, і я вас паважаю. Вы пераўвялічваеце вашу віну. Гэта зноў-такі абраза, якая датычыць асабіста мяне. Жавер, вы заслугоўваеце ўзнагароды, а не пакарання. Я настойваю на тым, каб вы не пакідалі свайго паста.

Жавер глядзеў на Мадлена сваім шчырым позіркам, у глыбіні якога свяцілася яго простае, але суровае і чыстае сумленне, і сказаў спакойным голасам:

— Пан мэр, у гэтым я не магу з вамі згадзіцца.

— Паўтараю, — адказаў пан Мадлен, — што гэта датычыць мяне асабіста.

Але Жавер, сочачы, як відаць, за сваёй уласнай думкай, казаў далей:

— Што-ж датычыць да пераўвелічэння, то ў даным выпадку яго няма. Вось як я разважаю. Я вас несправядліва западозрыў. Гэта-б яшчэ нічога. Гэта наша права, хоць і то ўжо злачынства — падазраваць стаяўшых вышэй за вас. Але падазраваць без усякай падставы, у прыпадку гневу, жадаючы адпомсціць, данесці, як на катаржніка, на вас, чалавека, усімі паважанага, на мэра, на вышэйшую гарадскую ўладу! Гэта з майго боку страшэнны, недара-