Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/110

Старонка праверана

вальны праступак. Я, прадстаўнік улады, абразіў гэтую самую ўладу ў вашай асобе. Калі-б хто-небудзь з маіх падначаленых зрабіў такі праступак, я палічыў-бы яго нявартым сваёй пасады і адразу прагнаў-бы яго. І што-ж? Дазвольце, пан мэр, яшчэ адно слова. Я часта ў сваім жыцці бываў строгі да другіх. Гэта было справядліва, я рабіў добра. Цяпер-жа, калі-б я не быў такі-ж строгі да самога сябе, то ўсё, што я зрабіў справядлівае, аказалася-б несправядлівым. Няўжо-ж я павінен шкадаваць сябе больш за другіх? Не. Як, я мог караць толькі іншых, а сябе не магу? Ды я быў-бы самы пагарджаны з людзей, калі-б гэта было так. Тыя, хто сказалі-б: „падлюга Жавер“, мелі-б поўную падставу. Я не жадаю, пан мэр, каб вы абыходзіліся са мной са звычайнай вашай дабратой, якая мне сапсавала столькі крыві, калі я бачыў яе, накіраваную на іншых. На сабе я яе зазнаваць не жадаю. Дабрату, якая апраўдвае праступак распуснай жанчыны супроць мірнага абываталя, паліцэйскага агента супроць мэра, стаячых унізе — супроць стаячых уверсе, я называю дрэннай дабратой. Такога роду дабрата псуе і разбэшчвае грамадства. Божа мой, ды быць то добрым вельмі лёгка — цяжка быць справядлівым! Ды калі-б вы, напрыклад, аказаліся тым, што я думаў, я не быў-бы добры да вас. Вы-б убачылі! Я павінен, пан мэр, рабіць адносна сябе таксама, як раблю з іншымі. Калі я наглядаў за злачынцамі і нягоднікамі, я часта казаў сабе: „Ну, сам-то ты беражыся звіхнуцца! Калі ты мне пападзешся калі-небудзь, то ўжо будзь спакойны“. І вось цяпер я папаўся. Тым горш. Мяне трэба выгнаць, выкінуць адсюль. І добра! У мяне ёсць рукі, буду абрабляць зямлю, мне ўсёроўна. Пан мэр, прыклад неабходны для карысці службы. Я патрабую змяшчэння інспектара Жавера.

Усё гэта было сказана з выразам пакоры, гордасці, з горкім перакананнем неабходнасці, што надавала нейкую незразумелую велічнасць гэтаму неяк па-дзіўному сумленнаму чалавеку.

— Ну, гэта мы ўбачым, — сказаў пан Мадлен і працягнуў яму руку.

Жавер зрабіў крок назад і сказаў строгім тонам:

— Выбачайце, пан мэр, гэтага не павінна быць. Мэр не можа падаваць рукі паліцэйскаму шпіёну.

І дадаў скрозь зубы:

— Так, раз я злоўжыў паліцэйскаю ўладаю, я не больш, як шпіён.

Потым ён нізка пакланіўся і накіраваўся да дзвярэй.