Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/139

Старонка праверана

— Які вы нядобры! Вось што я хацеў сказаць. Не мог адразу ўспомніць. Нічога я не краў. Я з тых, што не кожны дзень абедаюць, я знайшоў на зямлі абламаную галінку з яблыкамі і падняў яе, не ведаючы нават, што мне за гэта пападзе. Вось ужо тры месяцы, як мяне трымаюць у турме і цягаюць ва ўсе бакі. Потым усе гавораць супроць мяне і крычаць „Адказвайце!“. Жандарм, добры хлапец, штурхае мяне локцем пад бок і гаворыць паціхеньку „Адказвай-жа!“ Я не ўмею тлумачыць, я нічому не вучыўся, я чалавек бедны. Як гэтага ніхто не бачыць? Я не ўкраў, я падняў з зямлі. Вы кажаце: Жан Вальжан. Ды я яго і ведаць не ведаю. Мяне завуць Шанмат‘е. Якія вы хітрыя, вы ведаеце нават, дзе я нарадзіўся! Мне самому гэта зусім невядома. Вы кажаце: я быў у Оверні і Фаверолі. Дык хіба нельга быць там і не быць на галерах? Вы мне проста падакучылі з вашымі глупствамі. І за што гэта ўсе накінуліся на мяне, як шалёныя якія-небудзь?

Пракурор увесь час не садзіўся і звярнуўся да старшыні.

— Пан старшыня, — сказаў ён, — з прычыны няясных, але вельмі хітрых адмаўленняў падсуднага, які дарэмна імкнецца разыграць з сябе ідыёта, прапаную яшчэ раз запытаць сведак: асуджаных Брэве, Кашпайля і Шэнільд‘е, з таксама інспектара Жавера і ў апошні раз пацвердзіць тоеснасць абвінавачваемага з катаржнікам Жанам Вальжанам.

— Дазваляю сабе напомніць пану пракурору, — адказваў старшыня, — што інспектар Жавер, па абавязках службы, павінен быў адразу-ж вярнуцца да свайго паста пасля першага свайго паказання. Гэта было яму дазволена.

— Гэта праўда, — адказваў пракурор, — мы маем яго паказанне. Ён безумоўна прызнаў абвінавачваемага, бо часта бачыў яго, калі быў наглядчыкам на Тулонскіх галерах. Ён дадаў, што Жана Вальжана вызвалілі з вялікім жалем, таму што гэта быў чалавек вельмі неспакойны. Прашу, у такім выпадку, запытаць Брэве, Шэнільд‘е і Кашпайля.

Старшыня аддаў загад прыставу, і праз хвіліну дзверы пакоя для сведак расчыніліся. Увялі Брэве ў суправаджэнні жандармаў. Хваляванне публікі было вельмі вялікае.

То быў чадавек год шасцідзесяці з дзелавым і разам з тым з плутоўскім выглядам. За добрыя паводзіны яго зрабілі вартаўніком у турме, у якой ён сядзеў. Пасля першых утлумачлівых слоў старшыня сказаў:

— Брэве, зірніце на падсуднага, пастарайцеся прыпомніць і скажыце нам па шчырасці і сумленню ці настойваеце вы на ранейшых сваіх паказаннях, што чалавек гэты ваш стары таварыш па астрогу, Жан Вальжан.