Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/22

Старонка праверана

вінгаў[1], манастыр абацтва св. Клары, у Балье, які я выратаваў у 1793 г. Я выконваў свой абавязак па меры сіл маіх і рабіў дабро, колькі мог. Пасля ўсяго гэтага мяне прагналі, праследвалі, заплямілі, насмяяліся нада мной, наздзекваліся, праклялі і саслалі. На працягу шматлікіх гадоў, з пасівелымі ўжо валасамі, я ведаў, што ёсць людзі, якія лічаць сябе маючымі права ненавідзець мяне, пагарджаць мною, што я для беднага цёмнага натоўпу асоба праклятая, якая жыве ў адзіноцтве створанай нянавісцю. Я не вінавачу нікога. Цяпер мне ўжо восемдзесят шэсць год; я паміраю. Што вам ад мяне трэба?

— Вашага благаславення,—вымавіў, становячыся на калені, епіскап.

Калі епіскап узяў галаву, твар старога рэволюцыянера быў велічны: ён сканаў.

З цяжкімі думамі вярнуўся епіскап дадому. На другі дзень некалькі цікаўных паспрабавалі завесці гутарку з епіскапам пра Ж.; замест адказу ён паказаў ім на неба.

З таго часу епіскап узмацніў сваю любоў да беднаты і да людзей, адвержаных грамадствам.

Цяжка сказаць, які ўплыў зрабілі вялікі розум і благародная душа Ж. на епіскапа. Пра гэтае „пастарскае наведванне“, вядома шмат гаварылі: „Хіба месца епіскапу ў галавах такога паміраючага? Ён, напэўна, нават не слухаў яго навучанняў. Усе гэтыя рэволюцыянеры—бязбожнікі. Нашто было туды хадзіць? Чаго там шукаць? Няўжо так цікава прысутнічаць пры тым, як чорт браў яго душу?“ А аднаго разу нейкая знатная ўдава, пратэндуючая на дасціпнасць звярнулася да епіскапа з такім выпадам:

— Монсіньер, усе цікавяцца, калі галаву вашага высокапрападоб‘я аздобяць, чырвоным калпаком?

— О, які яркі колер!—ускрыкнуў епіскап.—Аднак, на шчасце, тыя самыя людзі, якія яго ненавідзяць у калпаку рэволюцыянера, паважаюць яго ў пурпуры кардыналаўскага капелюша.

ВЕЧАР ПАСЛЯ ДНЯ ХАДЗЬБЫ

У першых чыслах кастрычніка 1815 года, прыблізна за гадзіну да захаду сонца, невядомы чалавек пехатою прышоў у маленькі гарадок Дынь. Нешматлікія абываталі, якія знаходзіліся ў гэтую хвіліну ля вокнаў або ля дзвярэй

  1. Меравінгі—дынастыя старадаўніх франкскіх каралёў, якія ў V-VIII ст. нашай эры занімалі тэрыторыю Галіі—сучаснай Францыі.