Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/28

Старонка праверана

хвіліны ён знаходзіўся ў ліку тых, што стаялі на парозе ў Лабара і сам-жа расказаў тады, дарэчы, усім пра сваё страшнае спатканне.

Не ўстаючы з месца, ён паклікаў да сябе гаспадара шынка і ціха сказаў яму некалькі слоў. Прахожы ў задуменні сядзеў ля агню.

Гаспадар падышоў да яго, нечакана паклаў на плячо яму руку і сказаў:

— Ты зараз-жа ўбярэшся адсюль!

Незнаёмы павярнуўся да яго і сказаў лагодліва:

— Ах, вы ведаеце?..

— Так.

— Мяне выгналі з гасцініцы.

— І выганяюць адсюль.

— Куды-ж мне ісці?

— Куды хочаш.

Чалавек узяў кій і мяшок і вышаў.

Калі ён апынуўся на вуліцы, некалькі хлапчукоў, якія сачылі за ім, пачалі кідаць у яго каменнем. Ён павярнуўся да іх і з ярасцю падняў кій. Дзеці разляцеліся, як стая птушак.

Ён прайшоў міма турмы. Ля дзвярэй на жалезным ланцугу вісеў звон. Ён пазваніў.

Вартаўнік адчыніў фортку.

— Пан вартаўнік,—сказаў невядомы, баязліва знімаючы перад ім шапку,—ці не пусціце вы мяне пераначаваць?

— Турма—не гасцініца,—адказаў голас.—Няхай вас спачатку арыштуюць, потым і з‘яўляйцеся.

І фортка захлопнулася.

Ён апынуўся ў нейкай невялікай вуліцы, што патанула ў садах. Ноч рабілася ўсё цямнейшай і халаднейшай. За невысокай агарожай аднаго палісадніка ён убачыў невялікую будку, зробленую з палення. Ён смела пералез праз агарожу і папаў у сад. Ён падышоў да будкі; яна была вельмі нізкая, з вельмі нізкім уваходам і была падобна да шалаша, які рабочыя часам будуюць ля дарогі. Ён і думаў, што гэта адзін з такіх шалашоў. Яго мучылі голад і холад. З голадам ён змірыўся, але абагрэцца было неабходна, таму ён на жываце ўпоўз у будку. Там было цёпла. У заду будкі ляжала бярэма саломы. З хвіліну ён аставаўся нерухома распасцёрты на гэтай пасцелі, не маючы сілы паварухнуцца. Потым, абцяжараны сваім мяшком, ён пачаў знімаць яго са спіны. У гэты час ён пачуў нейчае яраснае рыканне.

Ён азірнуўся. Вялікая сабачая галава паказалася ў адтуліне будкі. Гэта была сабачая будка.