Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/30

Старонка праверана

— Я прабаваў стукацца.

— І што-ж?

— Мяне адусюль выганялі.

Добрая жанчына кранула незнаёмага за плячо і, паказваючы яму на процілеглым баку плошчы маленькі домік епіскапа, запытала:

— Ці вы стукаліся ва ўсе дзверы?

— Так.

— А ці стукаліся вы вунь у тыя?

— Не.

— Дык пастукайцеся.

VІІ

РАЗВАЖЛІВАСЦЬ ДАЕ ПАРАДУ МУДРАСЦІ

У гэты вечар свяцейшы епіскап у Дыні, пасля сваёй звычайнай прагулкі па горадзе, даволі доўга аставаўся, запёршыся, у сябе ў пакоі. Ён быў заняты сваім трактатам „Абавязкі“ які, на жаль, аставаўся незакончаны. У восем гадзін вечара ён яшчэ пісаў, калі пані Маглуар увайшла, як звычайна, каб узяць срэбра з шафачкі над узгалоўем. Праз хвіліну епіскап, спадзяючыся, што снеданне ўжо гатова і што сястра, магчыма, чакае яго, загарнуў сшытак, устаў з-за пісьмовага стала і вышаў у сталовую.

Дзверы сталовай, як мы гаварылі, адчыняліся проста на вуліцу. Акно-ж выходзіла ў сад.

Сапраўды, пані Маглуар заканчвала расстаўляць пасуду і разам з тым размаўляла з мадэмуазель Батыстын.

На стале, прысунутым да каміна, які зараз паліўся, гарэла лямпа. У тую хвіліну, калі ўвайшоў епіскап, пані Маглуар штосьці з запалам расказвала сваёй гаспадыні. Гутарка ішла пра дзверы ў доме, якія не замыкаліся.

Справа ў тым, што пані Маглуар, купляючы раніцою правізію, чула, як гаварылі пра нейкага падарожнага брадзягу, які з‘явіўся ў горадзе і які вельмі лёгка мог уначы прабрацца ў дом. Таму, калі паліцыя такая бестурботная, што не прымае ніякіх захадаў супроць падобнага роду асоб, то трэба самім абываталям быць разумнымі і больш моцна і надзейна запіраць свае дзверы і вокны.

Пані Маглуар знарок падкрэсліла апошнія словы. Але епіскап, вышаўшы з свайго халоднага пакоя, усеўся супроць гарэўшага каміна і, відавочна, задумаўся зусім пра іншае. Ён не чуў ніводнага слова з гаворкі пані Маглуар. Яна яе паўтарыла. Тады мадэмуазель Батыстын, жадаючы