Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/306

Старонка праверана

лавачцы ў самым далёкім канцы алеі. Амаль кожны дзень сустракаў Марыус гэтую своеасаблівую пару. Старому было год шэсцьдзесят. У яго быў пануры і сур’ёзны выгляд, і на погляд ён здаваўся адстаўным вайсковым, які стаміўся ад доўгага паходнага жыцця. Позірк у яго быў добры, але недаступны, і ніколі ні на кім не спыняўся. Апранаўся ён з вялікай стараннасцю і акуратнасцю, хоць небагата. Валасы былі белыя, як снег.

У першы раз, калі маладая дзяўчына села з ім поруч, ёй на выгляд можна было даць не больш трынаццаці-чатырнадцаці год. Яна была такая худая, што здавалася непрыгожай, нязграбнай, нязначнай. Толькі адны вочы былі ў яе прыгожыя. Апранута яна была, як старая, у брыдкую сукенку манастырскіх выхаванак з грубай чорнай шарсцянай тканіны. Стары і дзяўчынка былі, як відаць, бацька і дачка.

У першыя дні сустрэч Марыус прыглядаўся да іх; потым зусім перастаў звяртаць на іх узагу. Яны, з свайго боку, здавалася, не заўважалі яго і ціха гутарылі паміж сабой. Дзяыўчнка шчабятала безупынна. Стары гаварыў мала і глядзеў на яе з невыказнай пяшчотнасцю.

Адзін з прыяцеляў Марыуса, па імю Курфейрак, убачыўшы аднойчы гэтую пару на звычайным месцы, празваў старога за яго белыя валасы панам Лебланам, а дзяўчынку за чорную сукенку — мадэмуазэль Ленуар. Мы, каб лягчэй было расказваць, таксама будзем называць незнаёмага пан Леблан.

Прайшло каля года. Была вясна. Паветра мяккае і цёплае, і Люксембургскі сад заліты сонцам і ценем. Яснае блакітнае неба раскінулася неабсяжным купалам, птушкі чырыкалі ў лісцях густых каштанаў. Марыус ішоў па алеі, прагна ўпіваючыся прыродай. Калі ён праходзіў каля лаўкі, ён зірнуў на маладую дзяўчынку, і позіркі іх сустрэліся. Што такое было на гэты раз у позірку дзяўчыны? Марыус не мог-бы сказаць гэтага. Нічога, і ўсё. Гэта была дзіўная іскра.

Яна апусціла вочы, а ён пайшоў далей.

Увечары, вярнуўшыся дадому, Марыус упершыню заўважыў неакуратнасць свайго касцюма. Ён вылаяў сябе, што выходзіў ва вуліцу ў такім выглядзе.

На другі дзень ён апрануўся ў сваё святочнае адзенне і адправіўся на сваю штодзённую прагулку. У садзе ён доўга брадзіў ля сажалкі з лебедзямі, потым спыніўся ля нейкай поўразбітай статуі і, нарэшце, нібы нехаця, накіраваўся ў сваю алею. На процілеглым канцы яе, на лавачцы, сядзелі пан Леблан і маладая дзяўчына. Па меры таго, як Марыус набліжаўся, крокі яго рабіліся ўсё больш і больш павольныя. Крыху не даходзячы да лаўкі, ён спыніўся і па-