Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/307

Старонка праверана

вярнуў назад. Ён дасягнуў процілеглага канца алеі і зноў вярнуўся, адважыўшыся на гэты раз прайсці міма. Сэрца яго моцна білася. Касцюм маладой дзяўчыны таксама цалкам змяніўся; яна была апранута элегантна і проста: у чорную шаўковую сукенку і белы крэпавы капялюш. На руках былі белыя пальчаткі, і яна трымала парасон з ручкаю з слановай касці. Зграбныя маленькія ножкі абуты былі ў шаўковыя чаравікі.

Марыус пачуў гукі цудоўнага голаса, «яе» голаса напэўна. Яна спакойна гаварыла пра штосьці. Яна была чароўная. Ён гэта адчуваў, не гледзячы на яе.

Ён яшчэ некалькі разоў прайшоў каля лаўкі, і тут яму ў першы раз прышло на думку, што пан Леблан, напэўна, таксама заўважыў яго і павінен знаходзіць незразумелымі яго дзіўныя паводзіны.

У першы раз яму здалося непачцівым называць нават у думках гэтага старога насмешлівым прозвішчам Леблана.

Ён прастаяў некалькі хвілін, задуменна схіліўшы галаву і крэслячы палачкай па пяску.

Потым раптоўна павярнуў у працілеглы бок і пайшоў дадому.

У гэты дзень ён забыў паабедаць. У восем гадзін вечара ён заўважыў гэта, але было ўжо позна. Ён з’еў кавалак хлеба і лёг спаць, старанна вычысціўшы і акуратна склаўшы сваё адзенне.

Прайшло два тыдні. Марыус штодзённа адпраўляўся ў Люксембургскі сад, але ўжо не гуляў, а цэлымі гадзінамі праседжваў на лаўцы і здалёк глядзеў на сваю красуню.

Яна сапраўды была чароўная. Адзінае, што было дзіўнае ў яе твары — гэта супярэчнасць паміж сумным позіркам і вясёлай усмешкай. Тым не менш, твар яе быў дзівосна прыгожы.

Аднойчы, у канцы другога тыдня, Марыус, як звычайна, сядзеў на сваёй лаўцы з разгорнутай кнігай у руках, у якой не перагарнуў ніводнай старонкі. Раптам ён здрыгануўся. У процілеглым канцы алеі здарылася падзея. Пан Леблан з дачкою ўсталі і пад руку накіраваліся да сярэдзіны алеі, дзе сядзеў Марыус. Юнак увесь дрыжэў. «Няўжо чароўная здань пройдзе міма мяне?» — думаў ён. Ён чуў ціхі шум крокаў па пяску. Яму здавалася, што пан Леблан кідае на яго злосныя позіркі. Ён апусціў вочы, і, калі зноў зірнуў, яны былі ўжо зусім блізка. Маладая дзяўчына зірнула на яго з задуменным сумам, які прымусіў Марыуса здрыгануцца з ног да галавы. Яна нібы дакарала яго, што ён так доўга не падыходзіў да яе і што яна павінна была зрабіць першы крок.