Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/4

Старонка праверана

Што здарылася потым з Мірыелем? Ці то крушэнне старога французскага ладу, ці то разбурэнне яго ўласнай сям‘і, ці страшныя падзеі 93 года,[1] яшчэ больш жахлівыя для эмігрантаў, якія назіралі іх здалёк, чым для саміх дзеючых асоб, заранілі ў ім думку аб адрачэнні і ўдаленні ад свету? Ці то быў які-небудзь сардэчны ўдар, які пасціг яго сярод забаў і прыхільнасцей і адразу перавярнуў усю яго істоту? Ніхто не мог-бы адказаць на гэта. Вядома толькі адно, што, калі ён вярнуўся з Італіі, ён быў папом.

У 1804 годзе ён быў прыхадскім папом у Б[2].

Ён быў ужо стары і жыў зусім адзінока.

Аднойчы якаясьці справа, якая датычыла прыхода, прымусіла яго паехаць у Парыж. Паміж іншымі важнымі асобамі, апякунамі яго паствы, ён наведаў таксама кардынала Феша[3].

У адно з наведванняў імператарам свайго дзядзькі варты пастыр, які чакаў у пярэдняй прыёму, спаткаўся з яго вялікасцю. Напалеон, убачыўшы, з якой цікаўнасцю накіраваны на яго позіркі старога, абярнуўся і раптам запытаў:

— Хто гэты добры чалавек, які так на мяне глядзіць?

— Ваша вялікасць, — адказаў Мірыель, — вы глядзіце на добрага чалавека, а я гляджу на вялікага чалавека. Кожны з нас можа што-небудзь з гэтага атрымаць для сябе.

Імператар у той-жа час пад вечар даведаўся ад кардынала, як імя гэтага папа, і праз некалькі часу Мірыель быў вельмі здзіўлены весткай аб назначэнні яго епіскапам у Дынь.

Ці было што справядлівае ў апавяданнях пра першую палову жыцця епіскапа Мірыеля, невядома. Мала хто ведаў сям‘ю Мірыеля да рэволюцыі. Епіскап Мірыель павінен быў пазнаць лёс усіх, хто новы пасяляўся ў маленькіх гарадках, дзе заўсёды шмат балбатлівых ад няма чаго рабіць языкоў і мала думаючых галоў. Ён павінен быў прайсці праз гэта, хоць і быў епіскапамі іменна таму, што быў епіскапам. Урэшце ўсё, што ні гаварылася пра яго, паведамлялася толькі як чуткі, — адны словы, фразы і пустазвонства.

Як-бы там ні было, але праз дзевяць год насля ўступлення Мірыеля ў епархію ўсе гэтыя байкі, чуткі, плёткі, якія ў першы час так цікавілі маленькі гарадок і маленькіх людзей, канулі ў вечнасць. Ніхто не адважыўся-б пра іх успомніць.

  1. У 1793 годзе, у эпоху буржуазнай французскай рэволюцыі, быў пакараны смерцю кароль.
  2. 1804 год — год каранавання Напалеона I.
  3. Кардынал — вышэйшая духоўная пасада рымска-каталіцкай царквы.