Старонка:Гістарычная думка (1956).pdf/1

Гэта старонка не была вычытаная

В. Н. ПЕРЦАЎ,
акадэмік АН БССР
ГІСТАРЫЧНАЯ ДУМКА НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ
ПАВОДЛЕ ДАНЫХ РАННЯЙ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ
І ЛЕТАПІСАЎ (з старажытнейшых часоў да ХѴІ ст.)

Першыя гістарычныя звесткі, узнікшыя на тэрыторыі Беларусі аб народзе, які атрымаў пазней назву беларускага, ідуць ад старажытнай вуснай народнай творчасці. У ранні фальклор, які ўзнік да паяўлення пісьменнасці ва ўсходніх славян і задоўга да паяўлення ў іх першых літаратурных твораў, былі даволі шырока ўключаны гісторыка-апавядальныя і грамадска-палітычныя элементы.

«Сапраўдную гісторыю працоўнага народа, - гаварыў А. М. Горкі, нельга ведаць, не ведаючы вуснай народнай творчасці, якая няспынна і моцна ўплывала на стварэнне... буйнейшых твораў кніжнай літаратуры... Ад глыбокай старажытнасці фальклор неадступна і своеасабліва спадарожнічае гісторыі»[1]. Пры гэтым народная творчасць не толькі давала факты, каштоўныя для гісторыка, але ў той жа час адлюстроўвала і разуменне народам яго гістарычнага жыцця. У фальклоры, нават самым раннім, можна ўжо знайсці спробы асэнсаваць гістарычны лёс народа, спробы асвятліць яго мінулае, сучаснае і будучае з пункту гледжання пэўных гістарычных уяўленняў. Інакш кажучы, у ім ужо меліся зачаткі гістарычнай думкі.

Першапачатковая вусная народная творчасць была агульнай для усяго насельніцтва Старажытнай Русі. Яе вытокі адносяцца яшчэ да першабытна-абшчыннага ладу, калі ўсходнеславянскія плямёны ў сваёй гаспадарцы, культуры і лёсе мелі шмат агульнага. Таму і гістарычныя паданні, і гістарычна-бытавыя элементы ў казках, былінах, абрадавых песнях, вясельных, пахавальных і гераічных песнях, народных прыказках і прымаўках-ва ўсім тым, што складала змест фальклору, - у аднолькавай ступені адносяцца да ўсяго ўсходнеславянскага насельніцтва. Беларускія, таксама як і вялікарускія і ўкраінскія, элементы выдзеліліся з яго значна пазней.

Складальнікамі гістарычных паданняў, у якіх апавядаецца аб мінулым і сучасным, былі песняры, што выйшлі з народа або блізкія да нареда і спявалі свае песні і на княскіх балях, і сярод простага народа.

У быліне («Старыне») пра Дабрыню і Алёшу расказваецца аб скамароху, які на балі ў князя Владзіміра спяваў пра справы рускія. Такім песняром быў і легендарны Баян, якога «Слова аб палку Ігаравым» называе «вешчым». Песні гэтыя перадаваліся з пакалення ў пакаленне, пакуль яны не дайшлі да пазнейшых часоў і не былі замацаваны ў літаратурных помніках.

Летапісцы шырока карысталіся творамі вуснай народнай творчасці. Можна смела сказаць, што першапачатковыя летапісы ўзніклі на базе

  1. М. Горкі. Аб літаратуры. Артыкулы і прамовы, М., 1935, стар. 375.