Старонка:Гістарычная думка (1956).pdf/10

Гэта старонка не была вычытаная

то копие Литовское стояло под Москвой...»[1]. Такім-жа пагардлівым тонам прасякнуты і апісанні бітваў паміж рускімі і літоўскімі войскамі, дзе літоўцы або перамагаюць, або калі часам адступаюць, то робяць гэта са славай, уступаючы толькі велізарнай колькаснай перавазе праціўніка[2]. Нягледзячы на ўсе гэтыя выдумкі падрабязных летапісаў, у іх пагардлівых выпадах супраць Масквы няма той нічым не прыкрытай злосці і той пагарды, якія мы бачым у іх адносінах да Польшчы і да польскіх паноў. У некаторых месцах гэтых летапісаў праходзіць нават думка аб магчымым саюзе паміж Літоўскім княствам і Масквой у барацьбе супраць Польшчы. Тут на аўтараў гэтых летапісаў зрабілі ўплыў спачувальныя настроі беларускіх мас княства Літоўскага і спрыяльныя адносіны да Масквы некаторых колаў праваслаўных беларуска-літоўскіх феадалаў, якія шукалі ў Маскве абароны ад польскага засілля, што насоўвалася на Літоўскае княства (прыпомнім паўстанне князёў Глінскіх супраць караля Сігізмунда ў Беларусі ў пачатку ХVІ ст.).

Цяга беларускіх народных мас да Масквы, якая знайшла сабе прамое або ўскоснае адлюстраванне ў беларускіх летапісах, знаходзілася ў поўнай адпаведнасці з працэсам утварэння беларускай народнасці, які адбываўся на працягу XIV-ХVІ ст.ст. Беларуская народнасць утварылася ў выніку далейшага развіцця тых асаблівасцей, якія ўзніклі на тэрыторыі пазнейшай Беларусі яшчэ ў рамках адзінай рускай народнасці і паглыбіліся ў перыяд феадальнай раздробленасці. Плямёны (дрыгавічы, полацкія крывічы і радзімічы, на аснове якіх пазней узнікла беларуская народнасць), жылі паміж Заходнім і Сярэднім Дняпром. Рост эканамічных сувязей паміж гэтымі плямёнамі прывёў да ўтварэння адзінай беларускай народнасці, у межах якой згладжваліся племянныя асаблівасці мовы, псіхічнага складу і быту і ўзнікалі агульнанародныя рысы.

Працэс утварэння беларускай народнасці, асабліва пры наяўнасці феадальнай раздробленасці, расцягнуўся на рад стагоддзяў. У асноўным ён адбываўся паміж XIV і ХVІ ст.ст.

Побач са збліжэннем мясцовых этнічных груп адбываўся працэс іх выдзялення з раней адзінай рускай народнасці. Гэтаму выдзяленню спрыялі асобыя палітычныя ўмовы, у якіх усходнія славяне аказаліся з пачатку ХІІІ ст. Поўночна-Усходняя Русь была вымушана на доўгі час падпарадкавацца татара-мангольскім заваёўнікам. Каля ста год татары панавалі і над поўднёвай групай усходніх славян (у будучай Украіне). Заходнія-ж землі (будучыя беларускія) былі вымушаны падпарадкавацца літоўскім феадалам, хоць ім удалося адбіцца ад татар. У выніку тэрыторыя, на якой некалькі пазней пачала фарміравацца беларуская народнасць, аказалася палітычна адарванай ад астатніх зямель раней адзінага рускага народа. Гэта затармазіла далейшае развіццё эканамічных, грамадскіх і культурных сувязей паміж асобнымі часткамі ўсходняга славянства. Аднак гэтыя сувязі далёка не былі знішчаны. Хоць фарміраваўшыяся руская, беларуская і ўкраінская народнасці былі вымушаны жыць на розных тэрыторыях, але іх дружба, пошукі ўзаемнай дапамогі і імкненне да ўз'еднання праяўляліся і далей у розных відах: і ў творах вуснай народнай творчасці, і ў пісьмовай літаратуры, і ў падзеях тагачаснага жыцця.

  1. Еўрэінаўскі спіс, стар. 378-379.
  2. Гл. апісанне бітвы паміж маскоўскімі і літоўскімі войскамі ў "Спісе Быхаўца" (пад 700 г.). У гэтай бітве, па Быхаўцу, паражэнне літоўцаў, якімі кіраваў князь Канстанцін Остроўскі, тлумачылася тым, што ў іх "не было больш поўчвэрці тысячы конных, апрача пешых, а масквічоў было сорак тысяч добра ўзброеных і спраўных конных, апрача пешых", ды і то масквічы, пакуль яны не пераканаліся ў сваёй велізарнай колькаснай перавазе, ледзь не пабеглі (стар. 560).