Старонка:Гістарычная думка (1956).pdf/4

Гэта старонка не была вычытаная

статутах, актах, граматах, перакладах біблейскіх і іншых кніг, якія падвяргаліся своеасаблівай мясцовай перапрацоўцы, мы знойдзем многа гістарычных меркаванняў, заснаваных на назіраннях над рэчаіснасцю і на вострай цікавасці пісьменнікаў да сучаснага жыцця.

Ужо ў канцы ХІІ ст. Кірыл, епіскап Тураўскі, у адной з сваіх пропаведзей указваў на наяўнасць гістарычнага матэрыялу не толькі ў летапісах, але і ў мастацкіх творах. Ён падзяляў пісьменнікаў на «гісторыкаў» і «віцій»: «Гісторыкі і віціі, — пісаў ён, - (г. зн. летапісцы і песнятворцы) прыслухоўваюцца да расказаў аб войнах і бітвах паміж царамі (приклоняют свои слухи в бывшая между царей рати и ополчения), каб прыгожай мовай перадаць (няхай упрыгожаць словамі) чутае і ўзвялічыць пахваламі моцна змагаўшыхся за свайго цара і не ўцёкшых у час бою з ворагамі»[1]. Аўтар «Слова аб палку Ігаравым» таксама адрознівае «трудныя аповесці», г. зн. гістарычныя апавяданні аб ратных «трудах», і «песні», сюжэтам якіх з'яўляюцца тыя-ж ратныя справы, але ў паэтычнай апрацоўцы. Пісьменнікі раннефеадальнага часу наогул мала адрознівалі прозу і паэзію, апавяданне аб падзеях сапраўднага жыцця і мастацкую выдумку, і таму гістарычныя матывы часта ў іх укліньваліся у тыя жанры літаратуры, да якіх гісторыя прамых адносін не мела.

Але, вядома, асноўнымі гістарычнымі працамі былі летапісы. У грамадска-палітычным характары летапіснай літаратуры, як і ў многіх іншых пісьмовых творах раннефеадальнага перыяду, можна адзначыць пэўную двоістасць. Гэтая двоістасць праяўлялася як у летапісах, якія мелі адносіны да гісторыі беларускіх зямель, так і ва ўсіх летапісах наогул. У іх выявіліся тыя ж народная патрыятычнасць і рэалізм, як і ў вуснай народнай творчасці. Выкарыстоўваючы ў значнай ступені матэрыял вуснай народнай творчасці, летапісцы самі пранікаліся характэрнымі для яе матывамі. У большасці выпадкаў яны праводзілі ідэі дзяржаўнага адзінства, асуджалі княскія міжусобіцы і заклікалі да барацьбы са знешнімі ворагамі. Як і народныя песняры, яны пісалі ў славу рускага народа і развівалі тыя ж гераічныя і народнапатрыятычныя тэндэнцыі, якія былі заключаны ў фальклоры. Нягледзячы на рэлігійную ідэалогію, якой былі прасякнуты летапісы, а ў радзе выпадкаў і на прамую царкоўнасць, звязаную з усхваленнем духоўнай знаці, летапісцы пісалі аб фактах і падзеях рэчаіснасці, і ў іх захоўваўся той жа рэалізм, які ўласцівы і вуснай народнай творчасці. Царкоўнасць займала ў летапісах абмежаванае месца, таму што ў іх не бог і не цуды з'яўляюцца сіламі, якія вызначаюць лёс людзей, а чалавек і яго актыўная барацьба за радзіму, за незалежнасць і цэласнасць.

Але пры ўсёй гэтай блізкасці да народнай творчасці ў летапісах была і іншая рыса, якая па меры абвастрэння класавых супярэчнасцей набывала ўсё большае значэнне. Летапісы ствараліся ў той перыяд, калі на Русі рэзка праявіўся падзел на варожыя адзін другому класы і поўнасцю склалася дзяржаўнасць. Летапісцы былі блізкія да княскіх двароў і цесна звязаны з царквой, якая стаяла на варце інтарэсаў пануючага класа і мацнеючай дзяржаўнай улады. Таму выхваленне князёў і найбольш буйных феадалаў-царкоўных і свецкіх было іх галоўнай задачай. Аб цяжкасцях народнага жыцця, аб народных паўстаннях летапісцы звычайна або зусім умоўчвалі, або толькі мімаходзь упаміналі ў сувязі з апісаннем жыцця і дзейнасці тых-жа князёў. У якасці самастойнай сілы народ у летапісах або зусім адсутнічаў, або разглядаўся як аб'ект княскіх «трудоў», ці як дапаможная сіла, што спадарожнічае княскай дзейнасці. Самая патрэбнасць у летапісах, як у гістарычным асэнсаванні мінулага рускай зямлі, была выклікана ўтварэннем рускай дзяржавы як

  1. Пераклад "тварэнняў" Кірыла ў выданні Еўгенія, Кіеў, 1880, стар. 60.