Старонка:Гісторыя ЗША ў дакументах.pdf/36

Старонка праверана

келіха крыўды і нянавісці.

Мы заўсёды павінны весці сваю барацьбу на высокім узроўні годнасці і дысцыпліны. Мы не павінны дазволіць нашаму творчаму пратэсту апусціцца да фізічнага насілля. Зноў і зноў мы мусім уздымацца да велічных вышыняў супрацьстаяння фізічнай сіле сілай духу. Новы цудоўны баявы дух, што ахапіў негрыцянства, не павінен падштурхоўваць да недаверу ўсім белым людзям, бо многія з нашых белых братоў, як сведчыць аб гэтым іх прысутнасць тут сёння, зразумелі, што іх лёс звязаны з нашым лёсам, а іх свабода неразрыўна звязана з нашай свабодай. Мы не можам ісці ў адзіночку.

І пакуль мы ідзем, мы мусім прысягнуць, што пойдзем уперад. Мы не можам павярнуцца назад. Ёсць тыя, хто пытаюцца ў барацьбітоў за грамадзянскія правы: «Калі ўжо вы будзеце задаволены?» Мы не можам быць задаволенымі, пакуль нашы целы, стомленыя ад цяжкай дарогі не адпачнуць у матэлях ля шашы і гарадскіх атэлях. Мы не можам быць задаволенымі, пакуль асноўная магчымасць негра куды-небудзь пераехаць — гэта змяніць маленькае гэтта на гэтта паболей. Мы не можам быць задаволенымі, пакуль негр у Місісіпі не мае права галасаваць, а негр у Нью-Ёрку лічыць, што яму няма прычын удзельнічаць у выбарах. Не, не, мы не задаволеныя і не будзем задаволенымі, пакуль не пацячэ, як вада, суд і праўда — як моцны паток.

Я не маю сумненняў, што некаторыя з вас прайшлі праз цяжкасці і выпрабаванні. Некаторыя з вас прыйшлі сюды непасрэдна з-за кратаў. Некаторыя з вас прыйшлі з раёнаў, дзе ваша жаданне атрымаць свабоду сутыкнулася з навальніцай праследаванняў і вятрамі паліцэйскага самавольства. Вы сталі выпрабаванымі ваярамі ў разнастайных пакутах. Працягвайце сваю справу з верай у тое, што несправядлівыя пакуты будуць узнагароджаны.

Вяртайцеся ў Місісіпі, вяртайцеся ў Алабаму, вяртайцеся ў Джорджыю, вяртайцеся ў Луізіану, вяртайцеся ў трушчобы і гета нашых паўночных гарадоў і ведайце, што нейкім чынам гэта становішча можа і будзе мяняцца. Не будзем жа хістацца ў даліне адчаю.

Я вам кажу, сябры, што, нягледзячы на цяжкасці і расчараванні цяперашняга часу, у мяне ёсць мара. Гэта мара каранямі ўходзіць у амерыканскую мару.

У мяне ёсць мара, што аднойчы наша краіна ўстане і будзе жыць у згодзе з сваім крэда: «Мы зыходзім з той відавочнай праўды, што ўсе людзі створаны роўнымі.»

У мяне ёсць мара, што аднойчы на чырвоных узгорках Джорджыі сыны былых рабоў і сыны былых рабаўладальнікаў здолеюць сесці разам за адным сталом брацтва.

У мяне ёсць мара, што аднойчы нават штат Місісіпі, штат-пустыня, што пячэ гарачынёй нясправядлівасці і прыгнёту, стане аазісам свабоды і правасуддзя.

У мяне ёсць мара, што чацвёра маіх дзяцей будуць калі-небудзь жыць у краіне, дзе аб іх будуць судзіць не на падставе колеру іх скуры, а на падставе сутнасці іх характару.

У мяне сёння ёсць мара.

У мяне ёсць мара, што аднойчы штат Алабама, дзе цяпер з вуснаў губернатара цякуць словы ўмяшальніцтва і адмовы прызнаць федэральныя законы, пераўтварыцца ў месца, дзе малыя чорныя хлопчыкі і дзяўчынкі здолеюць узяцца за рукі з малымі белымі хлопчыкамі і