Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/121

Старонка праверана

та будзе ў яго гутарку. Вось прыклад: „Здаецца-б нічога, калі хто ня ведае, але пачакаўшы, дык выйшла камэдыя“.

Верш Багушэвіча па сваёй тэхніцы ня маець значаньня абы-якога выдатнага этапу ў гісторыі нашае версіфікацыі. І хаця верш яго далёка назадзе пакінуў сілябічнасьць Марцінкевіча, адылі чытаньнікі, узгадаваныя на музыцы М. Багдановіча, Я. Купалы, А. Гаруна ці Я. Коласа, часам могуць зачапіцца на некаторых шурпатасьцях версіфікацыі Багушэвіча (як нязвычная для іх пастаноўка націску і да т. п.). Тымчасам Багушэвіч мае і лёгкія, плаўныя, мілазычныя, з чысьцейшай танічнасьцю вершы, ані ня горшыя за лепшых сучасных вершаў.

Значаньне Багушэвіча ў гісторыі нашае літэратуры, як ужо відаць, дужа вялікае. Яно вялікае з гістарычна-літэратурнага пагляду, асабліва ад шчыльнага зьвязку з нашым нацыянальна-соцыяльным адраджэньнем, духоўным бацькам каторага і ёсьць Багушэвіч. Ен—першы ўсенародны беларускі правадыр і першы беларускі пясьняр-рэволюцыянэр. Ен—першы нацыянальны беларускі поэт, дагэтуль адзін з самых вялікіх у гэтым значаньні. Як пясьняр клясавы, вяшчун соцыяльнай рэволюцыі, Багушэвіч займае адно з першых мест у сусьветнай поэзіі. Літэратурнае значаньне яго ня было ацэнена як мае быць, і цікаўна, што народ скарэй за інтэлігентных крытыкаў пачуў яго веліч. Пашкодзілі яго літэратурнай славе чытаньнікі-шляхтуны, каторыя па старай памяці і ў багушэвіцкай поэзіі шукалі, і ў гэтым „сьлёзным тоне“ знаходзілі толькі жарты. Пашкодзіла ёй і адарванасьць Багушэвіча ад маскоўскай і польскай літэратуры, адсутнасьць зьвязкаў у поэта з выдатнымі чужымі пісьменьнікамі і адсутнасьць той сьвядомай беларускай інтэлігенцыі, каторая ацаніла-б песьняра і аб славе яго пераказала-б чужынцам. Разумеецца, што па літэратурнай здольнасьці і толькі па чыста-мастацкаму значаньню з Багушэвічам няма што і раўнаваць нашых ранейшых за яго песьняроў. Але і сярод пазьнейшых за яго нашых пісьменьнікаў калі і ёсьць колькі іменьняў дужэйшых за яго па здольнасьці чыста-пясьнярскай, дык роўных яму па нацыянальна-соцыяльнай самабытнасьці пакуль што не зьявілася, і ўсе ідуць па тору, дзе яго сьлед быў першы і найдужэйшы. Багушэвіч скіраваў нашу літэратуру на пеўны натуралістычны шлях і зьвязаў яе з народам. Пісаў поэт толькі пабеларуску.