Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/83

Старонка праверана

у Вільню. Пабыўшы там нядоўга, Марцінкевіч паехаў у Пецярбург, дзе і паступіў на мэдыцынскі факультэт. Але мэдыцына, відаць, яму не спадабалася, ён кінуў унівэрсітэт, вярнуўся дамоў і нейкі час там гасьцяваў. З 1827 года Марцінкевіч пачаў служыць у Менскай духоўнай каталіцкай консысторыі, а з 1829-га году быў, апрача таго, і сябрам менскіх гранічных судоў. У 1831 годзе ён ажаніўся з Юзэфай Бараноўшчынкай. У 1832 годзе перайшоў з консысторыі на службу ў канцэлярыю менскай крымінальнай палаты. На гэтай службе ён цяжка захварэў і пакінуў яе. У 1834 годзе Марцінкевіч ізноў падаўся ў консысторыю, дзе дастаў пасаду перакладчыка папер на маскоўскую мову. Там працаваў да скасаваньня уніі (1839 г.). У 1840 годзе купіў сабе невялічкі двор Люцынку пад Менскам. З гэтай пары жыў то ў Люцынцы, то ў Менску, дзе меў службу пры шляхоцкай дэпутацыі. У 1857 годзе ён заўдавеў, а ў 1858 ажаніўся другі раз з удавою Гружэўскай, пасьля чаго кінуў службу і жыў увесь час у Люцынцы. Глаўная аўторская работа Марцінкевіча прыпадае на час ад 1846 да 1859 году. Памёр 17-га сьнежня (дзекабра) 1884 г. і пахован на могілках пры капліцы ў Тупальшчыне.

В. Дунін-Марцінкевіч.


В. Дунін-Марцінкевіч.

Літэратура Марцінкевіча. Пісаў ён папольску і пабеларуску, але славу пісьменьніка далі яму ня польскія, а беларускія творы. Пабеларуску ён ня толькі многа напісаў, але таксама і надрукаваў. Некалькі-ж твораў яго пагінула; некалькі рукапісаў было на сховах (ў А. Ельскага і інш.), і толькі ў астатнія гады яны выдрукаваны.

Сялянка (1846 г.).

Двухактовая камэдыя - опэра „Сялянка“ была першым беларускім творам Марцінкевіча. Hanісана яна вершам і прозаю. Паны гавораць папольску, а войт Навум,