Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/87

Старонка праверана

Да вартасьцей повесьці трэба залічыць добрую тэхнічную будову ўсяго твору, яркае, сакавітае і вельмі жывое апісаньне гульні ў карчме, скокаў, набору некрутаў у Магілеве, апісаньне некаторых малюнкаў побыту, прыгоннае работы і вясельля. Толькі ў апісаньні вясельля ёсьць непатрэбны лішак этнографіі. Застаюцца ў памяці кароценькія, але добрыя характарыстыкі доктара, маршалка, пракуpopa.

Верш повесьці сілябічны, па 7 і 8 складоў у радку. Для нашых дзён дасканальнага танічнага вершаскладаньня ён троху шурпаты і вымагае прызвычаенасьці ў чытаньні, а для тых часоў і наагул—ён даволі лёгкі, жывы і гладкі, добра рыфмаваны.

Мова вызначаецца чыстатосьцю народнай гутаркі, хоць і мае, затое, вульгарызмы, як: „Ананія-ж-воўча юха“, або „Як на быдла, напаў зык“, ці „Чупрыны, як шчэць дрыжаць“ і інш. Есьць дзіўныя сказы, як; „Прыбег к карчме на кані.“ Есьць ня толькі полëнізмы, але і вялікарусізмы (браніцца, пашатнуўся, нет, к ней, возьле, жадна (прагавіта) і інш.). Есьць і цікаўныя, цяпер рэдкія беларускія словы. Між іншым трэба зазначыць, што Марцінкевіч піша места, а ня месца, пеўне, а ня пэўне.

Вечарніцы (1855 г.)

Зьмешчаныя пад такім назовам два вершаваных апавяданьні зьвязаны тым, што абодва пераказаны на вечарніцах старым музыкай Ананіям.

Дурны Зьміцер, хоць хітры — першае апавяданьне—маець літаратурнае значаньне зусім невялічкае, але важна, як этап у разьвіцьці творчасьці Марцінкевіча. Ідэалы пісьменніка ў беларуска-мужыцкім пытаньні былі такія няхітрыя й кароткія, што ён усё глаўнае пасьпеў сказаць у „Гапоне“. І вось мы відзім, што першая вечарніца бяз‘ідэйна. І ў ёй маем сантыментальную чуласьць, дыдактычнатьць, ідылічных, прыгонных людцаў і добрых, жартаўлівых панкоў, але няма паважнай ідэі аўтора. Марцінкевіч проста перарабляе на апавяданьні хадзячыя жарты, дадаўшы толькі тутэйшага колёрыту і некалькі запраўдных іменьняў менскіх паноў, навет сваіх прыяцеляў. Гэта сьведчыць, што ён, пісаўшы гэты твор, узыйшоў на ростані, блудзіў на раздарожжы. Літэратурная цана гэтага апавяданьня заключаецца ў апісаньні вечарніц, Менска, характарыстыцы старога Ананіі. Цікавен самы тон і дух апавяданьня і адносіны аўтора да Зьмітра і паноў.