Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/89

Старонка праверана

та ўсё надворныя, але звычайныя прыметы марцынкевіцкага сантыменталізму.

Як відзім, і з міфолёгіі беларускай, дужа вольна зьвязанай з гістарычнымі іменьнямі і назовамі, Марцінкевіч карыстаў ня столькі для заданьняў мастацкіх, сколькі для моральных.

Купала (1855 г.).

Народная повесьць „Купала“ выйшла ў 1855 годзе ў Менску, разам з польскімі творамі песьняра ў кнізе „Cіekawyś?—przeczytaj!“ Калі Марцінкевіч пісаў свае „Вечарніцы“, ён, пеўна-ж, ня меў за глаўнае заданьне апісаць беларускія вечарніцы. Але пасьля „Вечарніц“ ён троху інэртна, а троху, разумеецца, дзеля розных псыхолëгічных прычын творчасьці, пішаць „Купалу“, адылі „Шчэраўскія дажынкі“, дзе падобнае, так сказаць, апісова-этнографічнае заданьне усе болей вытыкаецца наперад (можа быць і не па добрай волі аўтора). Апісаўшы ў „Купале“, як даўней спраўлялі на Беларусі гэтае нацыянальнае сьвята, аўтор паказуець адносіны паніча і сялянскай дзяўчыны з дыдактычнай разьвязкай. Агатка быццам любіцца з панічом, але сяньня ў іх выйшла прыкрая размова. Паніч, як зусім папсаваная натура, радзіць дзяўчыне, каб ішла за Саўку і гэтак бы ўсе „злыя брэхні“ зрабіла „пустой нябыліцай“, а з ім каб любілася таксама і далей. На вялікую крыўду Агаткі і на яе словы, каб паніч з ёй пабраўся, а не звадзіў і не забаўляўся, ён выказуець такія тыпова-шляхоцкія думкі:

Што-б шляхціц з мужыцкай дачкой ажаніуся?
Я-ж бы меж сваімі тады ня ужыуся!

Хоць з разьвязкі повесьці відаць, што і сам Марцінкевіч, мусіць, лічыў непамыснай справай пабраньне паніча з мужычкай, аднак, ён горача паўстае проці шляхоцкай думкі, што „ня грэх мужычку на чэсьці забіці“. У гэтым заключаецца літэратурная вартасьць твору з ідэйнага боку.

Шчэраўскія дажынкі (1857 г.).

Гэтая повесьць, складзеная з пролëга (размова пана з войтам Навумам) і дзьвюх карцін (варажба і дажынкі), літэратурную цану мае невялікую: прыгожае пісьменства забіваецца тут этнографіяй. Між іншым, тут найболей, чымся ва ўсіх творах Марцінкевіча, выступае праслаўленьне добрых паноў і сантыментальны пагляд на іх адносіны з мужыкамі. Аўтор аб сваей повесьці кажа: „Бо гэта, браткі, праўда, а ня казка“. Яго словам ахвотна верыцца, відаць, што ён ня