Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/90

Старонка праверана

столькі тварыў, сколькі проста сьпісываў з жывой запраўднасьці. Прыгожая дзяўчына сіротка Тадорка вельмі падобна да Касі ў „Вечарніцах“, як тая ўзноў-да Кацярынкі ў повесьці „Гапон“. Агатка-ж узята з „Купалы“. Апісаў аўтор жартам самога сябе, як гуляў з Тадоркаю, і ў апісаньні пасьмяяўся з пісара:

Пасьля гульнуу з ею Навум Прыгаворка.
Панок весяленькі, разумны, крый Божа!
Яго у розуме і пісар ня зможа,
А пісар наш, браткі, нечага казаць!
У Халапенічах вучыуся чытаць!
Вяліка галоука! мауляу сена стог,
Ды пан загнау яго у казіны рог.
Ен і кніжкі піша, песенькі сьпявае
Так вумны, што усякі мужык панімае.

Карціна частаваньня, калі „паявіўся на шырокі стол цаліком пячоны, прабальшэнны вол“, карціна скокаў з песьнямі, карагоду, паднашэньня дажынковага вянка, — усё гэта напісана з вялікай любасьцю аўтора да рэчы, з захапленьнем красою народнага культа, з колёрытнасьцю і некаторым размахам, — і ў тым літэратурная вартасьць „Шчэраўскіх дажынак“.

Пераклад „Пана Тадэуша“ (1859 г.).

Пераклад „Пана ТадэушаА. Міцкевіча, зроблены Марцінкевічам, друкавауся ў 1859 годзе ў Вільні „на грошы, што шмат людзёў злажылі, а паміж іх былі і мужычкі“. Дазвол на друкаваньне дадзены цэнзарам Кукальнікам. Як толькі былі надрукаваны дзьве першыя быліцы, на места Кукальніка назначылі новага цэнзара, нейкага Мухіна. Той загадаў арыштаваць іх і спаліць; асталося цэлымі дзьве-тры кніжкі. Дык пераклад пабачыў сьвет толькі пасьля 1905 году.

Прадмова перакладчыка напісана была папольску. У ёй Марцінкевіч піша так: „Аповесьць Адама Міцкевіча „Пан Тадэуш“, што так ясна, так шчыра малюець характар, звычаі і абычаі нашых беларускіх паноў часу Наполеона, ужо цяпер (1859 г.) перакладаецца на маскоўскую мову. Чаму-ж, думаю, наш народ просты, што з гэтымі панамі так блізка жыў, чаму-ж дробная акалічная шляхта, што жывучы ў лясным зацішшы, у хаце, між сабою, сваей роднай ужывае мовы—чаму-ж яна ня мае пазнаць абычаеў сваіх бацькоў? Вось гэта ўсё і нагнала мне думку пералажыць „Пана Тадэуша“ на беларускую мову“… Далей перакладчык жаліцца, што праца яго „у гэтай мове“, каторая мела заахвоціць „нашага беларускага мужыка і бедную шляхту“ да навукі, што яна не знайшла прыяцеляў сярод „тых багатых людзей нашае старон-