Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/92

Старонка праверана

з вартасьцей камэдыі заключаецца ў тым, што яна паказуець шкоднасьць, сьмяхотнасьць і няжыцьцёвасьць гаспадарствана- і культурна-чужога парадкаваньня на Беларусі. Першы раз „Пінская шляхта“ надрукавана ў 1918 г.

Залёты (1870 г.).

Гэтую сьмяхотную штуку ў 3-х дзеях Марцінкевіч напісаў мешанаю польска-беларускай гутаркаю. Беларускага тэксту было блізка палавіны. На сучасную літаратурную мову „Залёты“ выправіў Я. Лёсік. Композытарка М. Кімонт напісала да іх опэрэтачную музыку. Разгляд „Залётаў“ у зьвязку з крытыкай усяе творчасьці Марцінкевіча добра зрабіў Янка Купала, каторы між іншым пісаў так („Наша Ніва“ за 1915 г., № 5): „Аўтор опэрэткі В. Марцінкевіч, сам шляхціц, шчыра стаяў на варце інтарэсаў гэрбоўнай шляхты, паноў, і хаця бачыў усе іх заганы, усёжткі ў сваіх творах выказываў думку, што ўся бяда беларускай беднаты паходзіць не ад паноў, а ад панскіх слуг: аканомаў, цівуноў і іншай марноты. Пры шчырай сваей прыхільнасьці да народу, Марцінкевіч ня мог стаць усей душою на старане дэмосу, на старане толькі што выпушчанага з-пад панскай няволі мужыка-беларуса. Для Марцінкевіча гэты мужык ёсьць мужык: можна даць яму і асьвету, можна пазволіць дайці да сякога-такога дабрабыту, але ня можна дапусьціць яго да раўні з панамі. У яго літаратурных працах гэтая дзяльба панскіх і мужыцкіх душ перабягае скрозь чырвонай нітачкай, асабліва ў творах сцэнічных. Гэтак у „Залётах“ паны і той навет пан з мужыкоў, Сабковіч, павінны гаварыць папольску, а толькі слугі іх гаворяць пабеларуску, — ды ня гледзячы на тое, што ў той час шмат-дзе па якіх дварох паны гаварылі паміж сабой пабеларуску. Марцінкевіч бачыў, што сярод мужыкоў пачынаецца эволюцыя, што колькісотлетняя паншчына не забіла да апошняга ў мужыцкай душы жаданьня падняцца вышэй са свайго паніжэньня, са сваей беднаты-цемнаты. Паяўляюцца сабковічы, тыя сабковічы-мужыкі, што багацеюць дабром з крыўдай для разбагацеўшых на мужыцкім дабры паноў. Колізіі гэтай Марцінкевіч яшчэ ці ня хоча ці ня можа ўразумець, яшчэ аўтора не патрапіла захапіць хваля вызвольнага ветру з захаду. І Сабковіч у „Залётах“ гэта ёсьць шэльма з шэльмаў, узьвялічаны аўторам да нейкага горшага гатунку карыкатуры, а не чалавека з яго добрымі і благімі старонамі. Марцінкевіч ня мог падмеціць другіх сабковічаў, другіх дарабковічаў, дарабковічаў ня золата, а духа! Для тых часоў, для сучасных Марцінкевічу чытачоў і слухачоў, „Залёты“, напэўна, мелі вялікую вартасьць, бо напісаны былі не для шырокага