Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/94

Старонка праверана

ніякай супярэчнасьці, бо напісаць у такім тоне мог не правадыр грамады, а толькі чалавек, каторы сам разьвіваецца з разьвіцьцем ідэй у грамадзе (а гэткі быў Марцінкевіч); напісаць мог ня мужык, а пан, якому здавалася, што ён дужа добра разумее і пераказуець мужыцкую душу. Калі дапраўды верш гэты напісан Марцінкевічам, ён маець важнае значаньне для разгляду творчасьці песьняра і для характарыстыкі панскіх настрояў таго часу; ён сьведчыць, што перад рэформай спуджаныя думкі ляцелі шмат далей наўперад, чымся тое спраўдзілася, і патрабавалі абнізіць сваю трывогу нейкай звычайнай жартаўлівасьцю ці рацыяй поступу; ён-жа можаць дапаўняць ілюстрацыю марцінкевіцкай, так сказаць, нядзейнасьці, слабасьці яго нацыянальна-соцыяльнай ідэолёгіі, пры каторай не магло пачацца запраўднае адраджэньне беларусаў, ня гледзячы на суседзтв з шаўчэнкаўскаю Украінаю. Гэты верш Марцінкевіч не друкаваў ды й ня мог надрукаваць, бо заўсёды баяўся папсаваць свае адносіны з панамі, якія жартаўліва-прыхільна пазіралі на яго беларускую творчасьць толькі у такой меры, у якой на тое дазвалялі іхныя панскія інтарэсы.

Агульны пагляд на творчасьць Марцінкевіча. Панскасьць замінала яму глянуць глыбей, са ўсей шчырасьцю, на панска-мужыцкія адносіны і паважна закрануць соцыяльныя проблемы. Як запраўдны пясьняр і дзеля таго найбольш сумленны і чулы чалавек свайго часу, ён толькі найлепей адчуваў пульс жыцьця і патрэбы народу, але, як пан, ён радзіўся і памёр з нічога нявартай соцыяльнай ідэолёгіяй, каторая для мужыкоў мела такі артыкул:

Хваліць толькі бога, шчыра працаваці,
Любіць добрых панау, мауляу родных браці,—
Вось вашае дзела…

Ен ідэалізуе сялян, каб збудзіць у паноў спагаднасьць да іх і тым палепшыць горкую мужыцкую долю. Але гэта ёсьць толькі абы-якое замірэньне панскасьці з пясьнярскай ідэйнасьцю, той компроміс, каторы ідзець у Марцінкевіча поруч з некатораай безпрынцыпнасьцю, бо вымагае ад песьняра посьле тых вышэйшых радкоў даволі спакойна, неўзварушона сказаць за мужыкоў:

Будзем роуныя з панамі,
Будзем самі, як паны…

Не зачапляла творчасьць Марцінкевіча вялікіх агульначалавецкіх проблем. Круг яго ідэй шчыльна абмежаваны. Пісьменьнік дужа любіў беларускую прыроду і беларускае