Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/97

Старонка праверана

І зямля тут твая,
І народ, як сям‘я:
Ен з табою з вякоу
Адно цела і кроу…

Аўтор вельмі абразна кажа, што запросіць людзей з вёсак слухаць наддзьвінскага дудара, каторы будзе пяяць аб роднай зямліцы, аб „мужыцкіх панох“, аб свабодзе людзей… На гэтыя запросіны паваліць увесь народ, як мухі на мёд. Аўтор, жадаючы здароўя дудару, спадзяецца, што з дударовых песьняў, калі яны ўзыйдуць, „будзе хлеб для душы“. Верш—дужа музычны, лёгкі, бойкі. Настрой поўны бодрасьці, жыцьця. Пясьняр верыць у сьветлую будучыну і даець гэтую веру чытаньніку.

3. Элегія „Туга на чужой старане“ напісана пад запраўдным поэтычным натхненьнем, пад засмучона-далікатным, поўным пачуцьця настроем. Навет сярод вершаў сучаснай беларускай лірыкі гэтая элегія Каратынскага вызначаецца поэтычным прыгажством і вабнай падкупаючай шчырасьцю. Тут ня чуецца кніжнасьці, тут павяваець прыемным пахам творчасьці самаго народа. Поэт так пранікся ў успамінах абразамі роднага краю, туга на чужой старане спарадзіла ў ім такую вялізарную асоцыяцыю родных уяўленьняў, што ён няўпрыцям сам запяяў, як пяе народ:

Ой, саколка, ой, галубка!
Ня пытайся, не,
Што мне тошна, мая любка,
Ў гэтай старане…
Я-ж зямліцу меу радную,
Быу слабодзен сам.
Ох, ці днюю, ці начую,
Я усе там ды там

Там знаходзіў поэт адгалос на ўсе праявы свае маладыя душы, а тут як ні гукае, ніякага адгалосу няма. Успамінаюцца яму дзяўчаткі роднаго краю. Яны палілі ў дзяцюку агонь жыцьця, хмялілі яго сваім паглядам. А цяпер чоран яму цэлы сьвет, ён адзін, як кол, смутна глядзіць праз ваконца. Ен жаліцца: „Ад зарыцы да зарыцы туга кроў мне п‘ець“. Музыку да элегіі напісаў у тым-жа часе селянін з Наваградчыны Вінцэсь Клімовіч. Орыгінал верша і нотаў знаходзіцца ў архіве газэты „Наша Ніва“.

4. „Гутарка старога дзеда“ выйшла двума выданьнямі: у 1861 годзе ў Пазнані і ў 1862 годзе ў Парыжу. Паміж імі ёсьць некаторая розьніца. Значаньне „Гутаркі“ не літэратурнае, а гістарычна-літэратурнае. Верш тут горшы, чымся ў іншых рэчах Каратынскага, але гэтакі-ж энэргічны