Старонка:Домбі і сын.pdf/67

Старонка праверана

— Гэта Уолтер Гэй? — адазваўся той, прыпыняючыся і варочаючыся назад. — Мне здавалася, я памыліўся… з такой дзіўнай спадарожніцай…

Стоячы ля ліхтара і са здзіўленнем выслухоўваючы таропкія тлумачэнні Уолтэра, ён уяўляў сабой рэзкі кантраст двум дзецям, якія стаялі перад ім блізка адно ля аднаго. Ён быў не стары, але валасы ў яго былі сівыя; спіна згорбілася ці сагнулася пад цяжарам нейкага вялікага гора, і глыбокія зморшчыны перасякалі яго змардаваны, сумны твар.

— Што вы параіце, містэр Каркер? — з усмешкай запытаўся Уолтэр. — Вы-ж заўсёды даеце добрыя парады, калі размаўляеце са мною. Праўда, гэта здараецца не часта.

— Ваш план мне здаецца найлепшым, — адказаў той, пазіраючы то на Фларэнс, то на Уолтера.

— Містэр Каркер, — абрадаваўшыся, сказаў Уолтэр, у якога мільганула велікадушная думка, — паслухайце! Вось выпадак для вас! Схадзіце вы да містэра Домбі і прынясіце яму добрую вестку. Гэта можа быць карысным для вас, сэр. Я астануся дома. Ідзіце.

— Я? — усклікнуў той.

— Так. Чаму-б вам не пайсці, містэр Каркер? — сказаў хлопчык.

Той у адказ толькі паціснуў яму руку; здавалася нават, гэта ён зрабіў сарамліва і з асцярогай і, пажадаўшы яму добрай ночы і параіўшы не марудзіць, пайшоў далей.

— Ну, міс Домбі, — сказаў Уолтэр, паглядзеўшы яму ўслед, калі яны таксама пайшлі сваёй дарогай, — мы як мага хутчэй накіруемся да майго дзядзькі. Ці чулі вы калі-небудзь, міс Фларэнс, каб містэр Домбі гаварыў аб містэры Каркеры-малодшым?

— Не, — ціха адказала дзяўчынка, — я рэдка чую, як тата размаўляе.

«Ах, правільна! Тым горш для яго», падумаў Уолтер. Пасля хвіліннай паузы, на працягу якой ён глядзеў уніз на ціхманы, цярплівы тварык дзяўчынкі, якая ішла побач з ім, ён з уласцівым яму юнацкім ажыўленнем і імклівасцю пачаў гаварыць аб іншым, а калі адзін са злашчасных чаравікаў зноў зваліўся, вельмі дарэчы, прапанаваў занесці Фларэнс на руках да дзядзькі. Фларэнс, хоць і вельмі стамілася, смеючыся, адхіліла гэту прапанову, баючыся, каб ён яе не ўпусціў; яны былі ўжо недалёка ад Драўлянага Мічмана, і тут Уолтер пачаў расказваць розныя выпадкі з гісторыі караблекрушэнняў і іншыя хвалюючыя здарэнні, а таксама і аб тым, як маладзейшыя за яго хлопчыкі ратавалі і ўрачыста ўносілі дзяўчынак старэйшых за Фларэнс; яны ўсё яшчэ былі захоплены гэтай размовай, калі падышлі да дзвярэй інструментальнага майстра.

— Ало, дзядзя Соль! — закрычаў Уолтэр, урываючыся ў краму і гаворачы няскладна і перарывіста. — Якое дзівоснае здарэнне! Вось дачка містэра Домбі заблудзілася на вуліцы, а ста-