Старонка:Домбі і сын.pdf/83

Старонка праверана

— Не думаю, каб я хоць крышачку вас палюбіў, — адказаў Поль. — Я хачу адсюль пайсці. Гэта не мой дом.

— Так. Гэта мой, — адказала місіс Піпчын.

— Гэта вельмі брыдкі дом, — сказаў Поль.

— А ў ім ёсць месцечка куды горш за гэта, — сказала місіс Піпчын, — дзе мы запіраем нашых нядобрых хлопчыкаў.

Ён калі-небудзь быў там? — запытаўся Поль, паказваючы на майстра Байтэрстона.

Місіс Піпчын сцвярджальна кіўнула галавой; і Поль знайшоў сабе занятак на цэлы дзень, аглядаючы майстра Байтэрстона з галавы да ног і сочачы за ўсімі зменамі яго фізіяноміі з цікавасцю, якой заслугоўвалі таямнічыя і жахлівыя выпрабаванні хлопчыка.

У гадзіну быў пададзен абед, які складаўся пераважна з мучной і расліннай ежы, калі міс Пенкі (ціхманая, маленькая, блакітнавокая дзяўчынка, якую кожную раніцу расціралі пасля купання, пагражаючы, здавалася, кожны раз канчаткова сцерці) была прыведзена з палону самой людаедкай і паведамлена аб тым, што той, хто фыркае пры гасцях, ніколі не трапіць у рай. Калі гэта вялікая ісціна была грунтоўна ёй унушана, яе пачаставалі рысам, пасля чаго яна прачытала ўстаноўленую ў замку пасляабедзеную малітву, у якой выказвалася асаблівая падзяка місіс Піпчын за добры абед. Пляменніца місіс Піпчын, Берынтыя, з’ела халоднай свініны. Місіс Піпчын, чый арганізм патрабаваў гарачай ежы, паабедала бараннімі адбіўнымі катлетамі, якія былі прынесены проста з агню, прыкрытыя талеркай, і якія мелі вельмі прыемны пах.

З тае прычыны, што пасля абеду ішоў дождж і нельга было ісці на паўзмор’е, а арганізм місіс Піпчын патрабаваў адпачынку пасля адбіўных катлет, дзеці накіраваліся з Беры (яна-ж — Берынтыя) у цямніцу — пусты пакой, адкуль відаць быў крэйдавы адкос і бочка з вадой. Між іншым, гэта памяшканне, ажыўленае грамадою, аказалася ўрэшце найлепшым, таму што тут Беры гуляла з імі і, як відаць, здавальнялася валтузнёй не менш, чым яны, пакуль місіс Піпчын не пастукала злосна ў сцяну, пасля чаго гульні былі спынены і Беры да самага змроку расказвала шэптам казкі.

Замест чаю, дзецям было падана ўдосталь малака з вадой і хлеба з маслам, маленькі чорны чайнік для місіс Піпчын і Беры і намазаныя маслам тосты[1] ў неабмежаванай колькасці для місіс Піпчын, якія былі паданы з агню таксама, як і адбіўныя катлеты.

Пасля чаю Беры прынесла маленькую рабочую шкатулку і са стараннасцю ўзялася за работу, а місіс Піпчын, адзеўшы акуляры і разгарнуўшы вялізную кнігу, пераплеценую ў зялёную байку, пачала кляваць носам. І кожны раз, калі місіс Піпчын гатова

  1. Тосты (англійск.) — падсмажаныя лустачкі хлеба.