Старонка:Домбі і сын.pdf/89

Старонка праверана

Ён прыпадняўся, прагна ўглядаючыся ў далячынь.

Яна адказала яму, што там знаходзіцца іншая краіна. Але не пра гэта ён думае, сказаў ён; ён думае пра тое, што там далей… далей!

З таго часу вельмі часта ў часе размовы ён змаўкаў, стараючыся зразумець, аб чым гэта заўсёды гавораць хвалі, прыпаднімаўся ў сваёй калясцы, каб паглядзець туды, дзе знаходзіцца гэты нябачны далёкі край.



РАЗДЗЕЛ IX,

у якім Драўляны Мічман трапляе ў бяду.

Тая сумёсь рамантыкі і любові да дзівоснага, якая была ў вялікай ступені ўласціва натуры юнага Уолтэра і якую апека яго дзядзькі, старога Саламона Джыдлса, не вельмі змыла хвалямі жорсткай жыццёвай практыкі, прывяла да таго, што ён паставіўся з незвычайнай і захапляючай цікавасцю да прыгоды Фларэнс з Добрай місіс Браун.

Успаміны аб гэтым здарэнні і яго ўласным удзеле ў ім зрабіліся, магчыма, яшчэ больш чароўнымі дзякуючы штотыднёвым марам па нядзелях старога Соля і капітана Катля. Бадай ці прайшла хоць адна нядзеля без таямнічых намёкаў на Рычарда Уітынгтона, кінутых кім-небудзь з гэтых ганаровых сяброў; а капітан Катль так далёка зайшоў, што нават купіў вельмі старадаўнюю баладу: гэты паэтычны твор расказваў аб заляцанні і шлюбе юнага, які падаваў надзеі, грузчыка вугалю з нейкай «красуняй Пег», вельмі годнай дачкой шкіпера і суўладальніка н’юкастльскага вугальнага судна. У гэтай хвалюючай легендзе капітан Катль бачыў вялікае падабенства са становішчам Уолтэра і Фларэнс, і яна дзейнічала на яго так узрушальна, што ва ўрачыстых выпадках, як, напрыклад, у дні нараджэння і ў некаторыя іншыя нецаркоўныя святы, ён ва ўсё горла распяваў гэту песню ў маленькай задняй гасцінай, робячы дзівосную трэль у слове «Пе-е-ег», якім заканчваўся кожны куплет у гонар гераіні твора.

Уолтэр вельмі палюбіў верф, дзе сустрэў Фларэнс і вуліцы (зусім непрывабныя), па якіх яны ішлі дадому. Чаравікі, якія так часта звальваліся па дарозе, ён хаваў у сябе ў пакоі; а седзячы неяк вечарам у маленькай задняй гасцінай, ён намаляваў у сваім уяўленні цэлую галярэю партрэтаў Добрай місіс Браун. Магчыма, пасля гэтай памятнай падзеі ён пачаў больш клапаціцца аб сваім касцюме, і, несумненна, яму было прыемна ў вольны час хадзіць у той квартал, дзе быў дом містэра Домбі,