Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

апсіды была зроблена невялічкая нутраная ніша паўкруглае формы, нічым ня вызначаная знадворку і, нават, замаскаваная нязвычайным у гэтым месцы паглыбленьнем сьцяны ў два абломы. Такая конструкцыя, чыста-ўсходняга характару, зьяўлялася, як мы ўбачым у далейшым, звычайнай і тыповай для полацка-віцебскага будаўніцтва XII сталецьця, так што прысутнасьць яе, хоць можа і выпадковая, у Смаленску — мае асаблівы інтарэс, паказваючы або на прамежкавую крыніцу яе для полацка-віцебскай архітэктуры (калі прыпусьціць, што ў Смаленску маглі і не захавацца ранейшыя аналёгічныя конструкцыі), — або на адваротны ўплыў Віцебску ці Полацку на Смаленск.

Нарэшце, з ліку дэкорацыйных дэталяй Багаслоўскае царквы, якія ў большасці сваей зусім не захаваліся, досыць цікаўным зьяўляецца рэльефны крыж, выкладзены цэглаю на паўночна-ўсходнім рагу старадаўняга муру над адным з закладзеных першапачатковых вокан. Крыж гэты мае архаічную форму, блізкую, між іншым, да тэй, што сустракаецца ў Беларусі на г. зв. „барысавых каменьнях”. Але самы спосаб ужываньня такіх рэльефных аздоб наагул у архітэктуры XII сталецьця, апроч толькі гэтага выпадку, нам невядомы. У Ноўгарадзе падобная орнамэнтыка зьяўляецца, мабыць, не раней XIV сталецьця, як, напр., у Спасаўскім саборы па “Торговой стороне” 1374 г.

Апошнім па часе, і, можа, найболей цікаўным помнікам смаленскае архітэктуры XII сталецьця зьяўляецца царква Міхала Архангела, або так званая Сьвірская, што знаходзіцца ў Сьвірскай слабадзе, у раёне былай „княскай мясцовасьці”. Згодна летапісных вестак, царква гэтая пабудавана ў княжэньне Давыда Расьціславіча[1], які панаваў у Смаленску з 1180 да 1197 г., і хутчэй за ўсё не раней 1194 г., як гэта ў большасьці лічыцца ў літаратуры[2]. У процілегласць звычайнаму характару летапісных паведамленьняў аб царкоўных будовах, летапісец у гэтым выпадку не абмежаваўся простым упамінам аб факце яе пабудаваньня, але дадаў да гэтага яшчэ сваю ўласную характарыстыку: „такое-же (царквы) нЂсть въ полунощной странЂ, — кажа ён, — и всим приходящимъ къ ней дивитися изряднЪй красотЪ ея”[3]. Паколькі, — мы паўтараем, — такія характарыстыкі, агулам кажучы, зусім не ўласьцівы звычайным сухапротокольным летапісным весткам, —

  1. Iпацеўскі летапіс пад 6705 г. „Полное Собрание Русских Летописей”, II, 151.
  2. Напр.: Орловский. Достопамятности Смоленска. Смоленск, 1905; стар. 10–13. С. П. Писарев. Княжеская местность и храм князей в Смоленске. Смоленск, 1894; стар. 36–46.
  3. Iпацеўскі летапіс, lос. cіt.