Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/103

Гэта старонка не была вычытаная

СЬВІРСКАЯ ЦАРКВА Ў СМАЛЕНСКУ.

пастолькі, здаецца нам, упоўне магчыма, што прыведзены намі сказ не зьяўляецца адным толькі рыторычным зваротам, але выяўляе запраўдныя погляды сучасьнікаў, у вачох якіх Сьвірская царква, бясспрэчна, магла выдзяляцца па формах сваіх, як нейкае, быццам, асаблівае і нязвычайнае зьявішча з ліку іншых Смаленскіх царкоўных будынкаў.

У параўнаньні да гэтых іншых, папершае, агульная вышыня асноўнага кубу ў Сьвірскай царкве крыху павялічана, так што ўвесь масыў будынку здаецца значна болей стройным і лёгкім, нават цяпер, калі пазьнейшае чатырохскатавае накрыцьцё канчальна запсавала сваёю важкаю формай усю горнюю частку будовы. Падругое, самы характар першапачатковага накрыцьця не супадаў, як відаць, з звычайнай смаленскай традыцыяй. У той час як усе пералічаныя намі вышэй будынкі мелі, бясспрэчна, пааркавыя, закамарныя перакрыцьці, — у Сьвірскай царкве, як сьведчаць досьледы на гары яе, зробленыя Смаленскім Музэйным аддзелам, закамары, хутчэй за ўсё, былі толькі на сярэдніх палёх на кожным фасадзе, так што дах, адпаведна сымэтрычнаму трохчленнаму падзелу фасадаў, меў, пэўна, форму двох перакрыжаваных пад кумпалам палавінных цыліндраў (калі ён дакладна адпавядаў закамарам) са скатнымі пакрыцьцямі над бакавымі палямі, што крыху нагадвае некаторыя каўкаскія сыстэмы. Нязвычайны для Смаленску характар маюць таксама пропорцыі самага падзелу фасадаў і некаторыя дэталі іх апрацоўкі: кожны фасад мае па чатыры шырокія лапаткі, у форме якіх наглядаецца далейшае разьвіцьцё тыпу романскіх палавінных колюмн да формы пазьнейшых романскіх пучкоў пілястраў; дзьве з іх знаходзяцца па рагох, а дзьве выдзяляюць сярэдняе поле, якое амаль што ў два разы шырэй за бакавыя. Згары на лапатках ляжыць выносны гзымс, які складаецца з трох шэрагаў пліт, што выступаюць адна над аднэй, потым двох шэрагаў аналёгічных пліт, пакладзеных на кант, далей — шэрагу закругленых пліт, і нарэшце яшчэ аднаго шэрагу пліт, пакладзеных кантам. У цяперашні час на гэты гзымс абаперты брус, да якога прымацаваны кроквы, што падтрымліваюць сучасны чатырохскатавы дах. Крыху ніжэй гзымсу, навакол усяго будынку праходзіць вузкі паясок, які перарываецца на паўднёва-заходнім рагу на 5 мэтраў у кожны бок. Першапачатковыя вокны зьмяшчаліся ў два шэрагі; дольні складалі звычайныя вузкія вокны з паўцыркульнымі перамычкамі; у горнім-жа яны мелі круглую форму, у відзе розэтак; некаторыя з іх яшчэ захаваліся да нашага часу, часткова — на паўднёвым і паўночным фасадах, іншыя закладзены, або перароблены. Уваходаў у царкву раней было тры, да якіх далучаліся невялікія, простакутныя ў пляне прыбудоўкі-прытворы, аналёгічныя тым, што існавалі калісьці, як гэта намі ўжо зазначана,