Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

СЬВІРСКАЯ ЦАРКВА Ў СМАЛЕНСКУ.

памераў іх, так і відазьмены ў форме. Паўкруглая ў пляне асяродкавая апсіда тут моцна выдаецца ўперад да ўсходу, і ў цяперашні час падымаецца да вышыні орнамэнтальнага поясу, хаця магчыма, што першапачаткова яна была крыху ніжэй; адпаведна сярэдняму полю фасаду і шырокаму асяродкаваму нэфу, яна амаль што ў два разы шырэй за бакавыя апсіды. Гэтыя апошнія адпавядаюць больш вузкім бакавым палём і нутраным бакавым нэфам, і маюць форму невялічкіх чатырохсьценьнікаў, прыціснутых з поўначы і поўдня да масыўнага корпусу асяродкавае апсіды, што робіць надзвычайна лёгкай па формах усю ўсходнюю частку будынку. Апроч таго, усярэдзіне апсіды аддзелены адна ад аднэй мурамі, і злучаны між сабой праробленымі ў гэтых мурох праходамі, у асяродкавую-ж прастору царквы яны адчыняюцца аркавымі пралётамі, зробленымі ва ўсходняй сьцяне; такім чынам, уся альтарная частка зьмешчана тут у апсідах і зусім вынесена за межы асноўнага кубу, у процілегласьць усім іншым смаленскім цэрквам, дзе аддзяленьне альтарнае часткі адбываецца пры дапамозе ўсходняе пары нутраных слупоў. Усё гэта цалкам зьяўляецца для Смаленску зусім новым прыёмам, прычыны зьяўленьня якога, магчыма, трэба шукаць у нейкіх адносінах да ўсходняга, часткова, каўкаскага будаўніцтва.

У пэўнай сувязі з гэтым знаходзяцца, мабыць, і некаторыя іншыя дэталі. Нутраныя слупы ў Сьвірскай царкве захаваны ў колькасьці чатырох, але значна адсунуты да кутоў будынку, што, паміж іншым, мы знаходзім пазьней у наўгародзкай царкве Тодара Страцілата 1360 г., дзе гэты прыём, таксама, можа, запазычаны з Смаленску, у сувязі з іншай сыстэмай перакрыцьця быў даведзены да свайго лёгічнага завяршэньня шляхам набліжэньня падпорных слупоў і арак ледзь не да самых муроў. Застаючыся яшчэ болей свабоднымі, слупы Сьвірскае царквы набылі, аднак, у параўнаньні да іншых смаленскіх будынкаў, значна большую лёгкасць і стройнасць, а разьмяшчэньне іх бліжэй да кутоў утварыла крыху большую прастору ў асяродкавай частцы. Даволі тонкія, крыжападобныя ў разрэзе, яны энэргічна выносяць над гэтай прасторай на звычайнай сыстэме аркавых сувязяй і парусоў досыць высокі, круглы кумпальны барабан, прарэзаны чатырма запраўднымі вокнамі, разам з чытырма глухімі, закладзенымі старадаўнімі цаглянымі пліткамі.

Першапачатковая кладка XII сталецьця захавалася да самага верху барабана; знадворку горняя частка яго аздоблена складаным гзымсам, аналёгічным гзымсу асяродкавае альтарнае апсіды (дзе ён, магчыма, быў паўтораны пры надбудоўцы). Гзымс гэты складаецца з шэрагу пліт, падтрыманых кронштэйнамі; пад апошнімі праходзіць патройны пояс, утвораны злучэньнем двох звычайных паяскоў, паміж якіх замацаваны куточкі цаглін; яшчэ