Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/112

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

пазьнейшымі прыбудоўкамі); пры гэтым, разьмеркаваньне слупоў у Ноўгарадзе і ў Кіеве блізка да полацкай конструкцыі, у той час як валадзімерскі Усьпенскі сабор мае альтар, вынесены цалком у апсіды, з прычыны чаго асяродкавы кумпал бліжэй адышоў тут да запраўднага цэнтру будынку. Але апроч таго ўсе яны збліжаюцца між сабой у значнай шырыні крайніх сваіх нэфаў, закончаных, праўда, парознаму: у Кіеве круглымі апсідамі, а ў Ноўгарадзе і Валадзімеры, аналёгічна Полацку, плоскімі сьценкамі. Тым часам, полацкая Сафія мае, наадварот, надзвычайна вузкія крайнія нэфы, і ў гэтым яна бліжэй, напрыклад, да царквы ў Мокві (у Абхазіі), што разам з конструкцыяй яе альтарнае часткі паказвае хутчэй на Каўказ, як на магчымую крыніцу ўплыву. Прыведзеныя намі набліжэньні да кіеўскай і наўгародзкай Сафіі, а таксама да валадзімерскага Усьпенскага сабору, былі прыняты пад увагу Шэроцкім, — але, заблытаны сваім памылковым плянам, ён не заўважыў адзначаных намі ўсходніх рыс і зрабіў вывад, нібыта полацкая Сафія ёсьць відазьменай “паўднёва-рускага” храму, тыпу Кіева ці Чарнігава, пад частковым заходнім уплывам, што з нашага погляду зусім няверна.

Што датычыць пытаньня аб надворным выглядзе полацкае Сафіі — дык, зразумела, яго немагчыма вырашыць цалком бясспрэчна; часткова-ж, аднак, дэталі прыведзенага намі пляну лёгка ўзгадняюцца з паведамленьнем Васкрасенскага летапісу ад 1506 году, дзе ў сьпісе “літоўскіх” местаў памінаецца "…Пол-тескъ на ДвинЪ и на ПолотЪ, древянъ, Святая Софія камена о седми връсЪхъ;"[1], што паказвае на існаваньне 7-мі кумпалоў у яе перакрыцьці. Трымаючыся свайго дапушчэньня аб чыстай кубічнасьці будынку, Паўлінаў у даным выпадку лічыць, што асноўны масыў царквы быў пяцікумпаловым, з захаду-ж да яго далучаліся нейкія прыбудоўкі, напр., рагавыя вежы[2]; пры гэтым разьмяшчэньне асноўных пяці кумпалоў ён уяўляе сабе, відавочна, дыягональным, якое адно і магчыма пры кубічнай конструкцыі. Гэтаму дапушчэньню, аднак, супярэчыць фактычнае разьмеркаваньне слупоў, згодна якога асноўныя пяць кумпалоў хутчэй павінны былі тут зьмяшчацца адпаведна крыжовай конструкцыі, г. зн. тры над цэнтральным нэфам і па адным над сярэдзінамі бакавых; два дадатковыя кумпалы маглі ў гэтым выпадку знаходзіцца над прытворам. Пры тэй самай сыстэме магчымы, зразумела, і іншыя комбінацыі, як, напр., зьмяшчэньне толькі аднаго шостага кумпалу над прытворам, а сёмага над нейкай асобна прыбудаванай вежай, аналёгічна мячэці Кілісэ-Джамі[3], — або нават расплянаваньне трох кумпалоў над сярэднім нэфам і трох над прытворам,

  1. "Полное собрание русских летописей", выд. Архэографічнае Камісіі, VII, 240.
  2. Древние храмы Витебска и Полацка, стар. 11.
  3. Некрасов, ор. сіt., 36–37, мал. 57.