Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/118

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

зены[1], а ў некаторых мясцох падменены новымі[2]; нанова перароблена ўсё накрыцьцё, а таксама затынкавана і часткаю рэпаравана першапачатковая кладка.

Кладка гэтая зьяўляецца блізка падобнай да бізантыцкіх узораў. Яна складаецца з тонкай, пераважна прадоўжнай, але часам і квадратовай цэглы з моцнымі цэмэнтнымі швамі, якая чаргуецца з тоўстымі вапніковымі плітамі. За двума пластамі цэглы ідзе вапняк, потым ізноў паўтараецца цэгла і г. д., прычым у некаторых мясцох замест двох пластоў цэглы сустракаецца па тры, ці нават па чатыры пласты. Такім чынам, у першапачатковым відзе фасады царквы ня мелі аднастайнае афарбоўкі, але ажыццяўляліся праслойкамі чырвонае цэглы па жоўташэрым фоне вапняку.

Першапачатковае пакрыцьцё царквы было па закамарах, што ясна можна бачыць на гары царквы пад сучасным дахам[3], хоць цэгла ў рэштках ранейшых скляпеньняў мясцамі належыць, мабыць, ужо да XIV сталецьця, паказваючы на зробленыя ў гэты час выпраўленьні[4].

Усе зазначаныя намі конструкцыйныя асаблівасьці віцебскае царквы Добравешчаньня зусім выразна выяўляюць некаторыя характэрныя рысы таго асобнага шляху, якім ішло полацка-віцебскае будаўніцтва XII сталецьця, далёка адыходзячы ад тых архітэктурных тыпаў, якія ўжываліся ў іншых частках Беларусі, напрыклад, у Смаленску Базылікальныя тэндэнцыі пляну і модыфікацыя альтарнае часткі па сірыйскім узоры сьведчаць, хутчэй за ўсё, аб пэўных усходніх крыніцах, якія ўплывалі на гэтае будаўніцтва, амаль што незалежна ад усіх тых іншых крыніц уплыву, якія мелі значэньне ў процэсе разьвіцьця смаленскае архітэктуры тэй самай эпохі. Адасобневае становішча Полацкае зямлі спрыяла, відаць, значнай сталасьці апрацаваных тут пад гэтымі ўсходнімі ўплывамі досыць орыгінальных конструкцый, — і ў кожным выпадку тып, характэрны для віцебскае царквы Добравешчаньня, зьяўляецца тут не адзінкавым прыкладам, але тыповым узорам у цэлым шэрагу іншых помнікаў, часткова, напэўна, ужо зьнішчаных, часткова-ж захаваных і да

  1. Напр., у асяродкавай апсідзе, у дзяканіку, у афяравальніку і ў паўднёвай сьцяне прытвору.
  2. Згары ў альтарнай апсідзе і ў бакавых фасадах.
  3. Павлинов няправільна зазначае, як-быццам гэтыя сьляды відаць па заходняй сьцяне. “Древн. храмы Витебска и Полацка”, 4–5.
  4. Магчыма, што ў сувязі з гэтымі выпраўленьнямі Stryjkowski памылкова паведамляе аб пабудове ў гэтым месцы новай царквы ў часы Альгерда; “…dwie cerkwi w Witebsku, greckim kształtem kosztownie zmurował …jednę W niżnym zamku, a druga w polu za ruczajem albo przykopem zamkowym…” Kronika, XII, 3, стар. 14, – грунтуючыся на чым некаторыя аўтары часам датуюць царкву Добравешчаньня XIV сталецьцем, на што няма ніякіх болей падстаў. Пар., напр., А. Сапунов. Река Западная Двина. Витебск, 1893. Стар. 385–386.