Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

ПОЛАЦКАЕ БУДАЎНІЦТВА.

цяперашняга часу ў галоўным асяродку старадаўняга Полацкага княства, г. зн. у самым Полацку. Адносна полацкіх помнікаў такога тыпу, таксама як і адносна царквы Добравешчаньня, мы, праўда, ня лічым магчымым падаваць дакладныя даты; ня маючы цьвёрдых і бясспрэчных падстаў, мы нават схіляемся да таго, каб наогул пакінуць зусім нявырашаным пытаньне адносна таго, якія з іх ліку зьяўляюцца ранейшымі і якія пазьнейшымі, — так што выказанае намі вышэй дапушчэньне аб болей раньнім часе пабудовы царквы Добравешчаньня трэба прыняць чыста ўмоўна, тым болей, што без асаблівай памылкі, здаецца нам, усе гэтыя помнікі можна лічыць больш-менш адначасовымі. Але на нашую думку пытаньне дакладнае іх хронолёгіі зусім і ня мае асабліва істотнага значэньня. Важна тое, што ўсе яны па сваіх конструкцыйных і морфолёгічных адзнаках, бясспрэчна, складаюць адну суцэльную групу, якая найболей характарызуе полацка-віцебскае будаўніцтва пэўнага часу, — пры гэтым ня надта доўгага, які замыкаецца прыблізна ў межы другое паловы XII сталецьця, калі ў Полацку і былі ўтвораны найболей выдатныя і орыгінальныя ўзоры свайго ўласнага і шмат у чым зусім асаблівага архітэктурнага стылю.

З ліку гэтых узораў на першым месцы трэба, бязумоўна, паставіць Спасаўскую царкву ў б. Ефрасіньнеўскім манастыры, якая адна захавалася, апроч таго, у больш-менш суцэльным відзе да нашага часу. Конструкцыя яе беспасрэдна зьвязана з віцебскай царквой Добравешчаньня, але, паўтараючы ў агульных рысах той самы асноўны тып, Спасаўская царква мае зусім іншыя пропорцыі ў сувязі з асобнаю сыстэмаю накрыцьця.

Як выяўлена спэцыяльнымі досьледамі Н. Брунова[1] і I. Хозерава[2], вынікі якіх пацьвярджаюцца і нашымі ўласнымі назі-

  1. Н. М Брунов. Извлечение из предварительного отчета о командировке в Полоцк, Витебск и Смоленск в сентябре 1923 года. Москва. 1926. Изд. Российской Ассоциации Научно-Исследовательских Институтов Общественных Наук. (Праца гэтая — маленькая брошурка, спэцыяльна прысьвечаная полацкай Спасаўскай царкве, і вельмі цікаўная сваім фактычным матар’ялам, але надзвычайна характэрная па тэй традыцыйнай бесцэрамоннасьці, з якой аўтар разглядае полацкі помнік, як помнік "древне-русского зодчества домонгольского периода" (гэта ў Беларусі, г. зн. у краіне, якая да XVI ст. ня ведала ніякіх манголаў!) і тлумачыць яго асаблівасьці ўплывам "русской художественной волны” (стар. 6), тут-жа зазначаючы, аднак, што апроч другога таксама полацкага помніку Барысаглебскай царквы — ён ня мае сабе іншых аналёгій, з чаго, зразумела, ясна, што тыпу гэтага, апроч Беларусі, болей нідзе няма. З такімі, досыць даўняга пахаджэньня прыёмамі, нажаль яшчэ і цяпер захаванымі ў расійскай навуцы, можа і ня варта распачынаць палеміку. Зазначым толькі, што і апроч гэтага ў поглядах аўтара па магчымае пахаджэнне такога архітэктурнага тыпу ў Полацку мы бачым зусім бсспадстаўныя зацьверджаньні, пагрунтаваныя на поўным незнаёмстве нават з самымі асноўнымі гістарычнымі суадносінамі беларускага мінулага.
  2. Досьледы гэтыя зроблены загадчыкам Смаленскага Губэрскага Музэю І. Хозеравым улетку 1926 году; паведамленьні аб іх надасланы ў Камісію гісторыі мастацтва Інстытуту Беларускае Культуры. Болей поўная справаздача падана ў артыкуле “Да пытаньня аб Спасаўскай царкве ў Полацку”, надрукаваным у „Гістарычна-Архэолёгічным зборніку” № 1, выд. Інстытуту Беларускае Культуры, Менск, 1927.