Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

раньнямі, у першапачатковай сыстэме накрыцьця тут быў ужыты надзвычайна цікаўны і невядомы ў іншых помніках XII сталецьця прыём як-бы падвойнага шэрагу закамар на асяродкавым падкумпальным перакрыжжы, у выглядзе, як вызначае Бруноў, нейкіх асобных масыўных дадаткаў да надзвычайна высокага падкумпальнага барабану з трохдольнымі аркамі накшталт “какошнікаў”, зьвязанымі згодна з нормальнай конструкцыяй падкумпальных арак і слупоў. Надмерная нагрузка апошніх, абумоўленая дадатковым цяжарам гэтага накрыцьця, зьявілася прычынай шэрагу грунтоўных відазьмен у самым разьмеркаваньні архітэктурных мас будынку, што выявілася ў значным патоўшчаньні арак, слупоў і муроў, у памяншэньні памеру нутраных бакавых апсід і ў звужэньні цэнтральнае апсіды. Адсюль-жа вынікла і крыху іншая, ніж у царкве Добравешчаньня ў Віцебску разьбіўка пляну.

Звужэньне асяродкавае апсіды абумоўвіла тут роўнамерны падзел усходняга фасаду; пры гэтым, аднак, асновы альтарнае паўкружыны крыху ссунуты да асяродку без адпаведнай зьмены асяродкавага нэфу, так што нутраныя слупы разьмясьціліся ўсё-ж вельмі блізка да бакавых муроў, утварыўшы надзвычайна вузкія бакавыя нэфы пры няроўнамерным падзеле заходняга фасаду. Далей, муры царквы настолькі таўсьцей за муры царквы